Візіт міністра замежных справаў Аўстрыі ў Менск
Візіт міністра замежных справаў Аўстрыі ў Менск – перадусім вынік асаблівага падыходу гэтай краіны да рэжыму Лукашэнкі, мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
“Нават у часы найбольшай напружанасці стасункі Вены і Менску не перарываліся. Тым больш не перарываліся інвестыцыі ў Беларусі і тут на першым месцы аўстрыйская фінансавая група Райфайзэн, якая працуе з беларускім рэжымам”, – кажа Раман Якаўлеўскі:
– Гэтая банкаўская група, якая вельмі ўплывовая не толькі ў двухбаковых адносінах, але таксама і ў еўрапейскіх справах. Гэтая група вельмі актыўная ў Беларусі, яна скупіла беларускі «Приор-банк» – адзін з буйнейшых прыватных банкаў. І, калі я не памыляюся, былы прэм’ер-міністр Сідорскі з’яўляецца сябрам Назіральнай Рады.
Па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў Аўстрыі Себасцьянам Курцам, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пэўнае пацяпленне ў адносінах між Беларуссю і Захадам, а таксама выказаў спадзяванне на больш шчыльнае супрацоўніцтва ў будучыні.
Адначасова з візітам эўрапейскіх чыноўнікаў чарговы раз праходзіў суд над палітвязнем, Міколам Статкевічам, якому суд узмацніў умовы адбыцця пакарання.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя