„Арт-агляд”: Уладзіміру Арлову 70!



Сённяшні выпуск «Арт-агляду» прысвечаны Уладзіміру Арлову. Наўрад ці хто мог здагадацца 25 жніўня 1953 году, што нованароджаны ў Полацку, сталіцы першай дзяржавы на землях сучаснай Беларусі, народжаны чалавек дарослым станецца папулярызатарам незалежнай Беларусі і яе гісторыі.

І што юрыдычная незалежнасць Беларусі таксама здарыцца 25 жніўня – толькі ў 1991 першым годзе.

А годам раней у лютым 1990 Уладзімір Арлоў піша свае эсэ «Незалежнасць – гэта…».

Эсэ пачынаецца тэмай родаў, што перагукаецца з тэмай нараджэння ці адраджэння нацыі: «Незалежнасьць – гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі».

А сканчаецца словамі:

«Незалежнасьць – гэта…

Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста ня варта жыць».

Уладзімір Арлоў не толькі аўтар-пісьменнік. Ён папулярызатар беларушчыны як Ідэі.

Уладзімір Арлоў аб’ездзіў з выступамі ўсю Беларусь, дзе-нідзе бываў па некалькі разоў.

Таму ў тысяч беларусаў ёсць свая гісторыя, звязаная з Уладзімірам Арловым.

Першая датычыць вясны 1990. Да нас у менскую школу нумар 74 з нагоды 500-годдзя Францішка Скарыны запрасілі «двух прадстаўнікоў Саюзу Пісьменнікаў».

Якія ж былі твары ў настаўніц, калі яны пабачылі ўсмешлівага доўгавалосага, гэта важна для разумення позняга СССР, бо доўгагаловасць мужчыны была ўдарам пад дых усёй савецкай эстэтыцы, доўгавалосага бландына з бел-чырвона-белай стужкай на галаве, у скуранцы і з гітарай у руках. А таксама брунэцістага барадача з пранізлівым позіркам з кніжкамі з бел-чырвона-белай стужкай на вокладцы – «Дзень калі ўпала страла».

Гэта былі Сяржук Сокалаў-Воюш і Уладзімір Арлоў.

Я папрасіў купіць кнігу і паставіць аўтограф літаратурнай беларускай мовай. Гэта быў 1990-ы год. Спадар Арлоў вельмі здзівіўся, і сказаў, што я першы школьнік, які размаўляў з ім па-беларуску.

Усё толькі пачыналася. Беларусы толькі ставалі на свой шлях да незалежнасці.

Мінула трыццаць тры гады з моманту выхаду эсэ «Незалежнасць – гэта…». Спадар Арлоў напісаў і выдаў мноства кніг рознага фармату: проза, паэзія, пазнавальнае па гісторыі Беларусі.

Колькасць школьнікаў, здатных папрасіць аўтограф літаратурнай беларускай мовай вырасла ў геаметрычнай прагрэсіі. Беларусы масава выйшлі пад нацыянальнай сімволікай і нацыянальнымі слоганамі ў 2020 годзе.

Але поўнай незалежнасці мы яшчэ не маем.

«Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі».

Так будзе, спадар Уладзімір!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя