Міністр замежных спраў Польшчы выказаўся пра сітуацыю на ўсходняй мяжы



Вывад з Беларусі наймітаў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» істотна не паўплывае на бяспеку польскай мяжы, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў у інтэрв’ю радыёстанцыі wnet.fm. Прычына — беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні, мэта якіх — «вядома, дэстабілізацыя», лічыць Раў.

«Акрамя таго, цяжка сказаць, у якім аб’ёме ядзерная зброя будзе размешчаная ў Беларусі, так што з гэтага пункту гледжання прысутнасць групы “Вагнер” шмат чаго сюды не прынесла, і таксама мала што зменіць факт яе вываду ў Расею”, — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы. «Самым галоўным» міністр лічыць адсутнасць сумневаў у тым, што адкрыццё «міграцыйнага фронту» на беларуска-польскай мяжы было «прэлюдыяй да запланаванага ўварвання ва Ўкраіну ў 2022 годзе» і спробай «дэстабілізацыі Польшчы».

На пачатак верасня ў Беларусі запланаваныя аператыўна-стратэгічныя вучэнні Калектыўных сіл АДКБ “Баявое братэрства — 2023”.

Беларускае Радыё Рацыя