„Ягелонія” выйшла ў лідары польскай экстра-класы



У Салігорску завяршыўся розыгрыш Кубка Салея-2023, другога па значнасці клубнага турніру ў беларускім хакеі.  Да вырашальнага матча Кубка краіны дабраліся хакеісты „Шахцёра” і „Віцебска”. Гаспадары лёду адкрылі лік на 18-й хвіліне фіналу, вызначыўся Багдан Дзенісевіч. У другім перыядзе гледачы таксама ўбачылі адну закінутую шайбу, але ўжо ў выкананні гасцей – лічбы параўняў Артур Гільманаў. Лёс Кубка вырашыўся ў заключнай 20-хвілінцы: Арцём Смірноў вывеў „мядзведзяў” наперад, і паўночнікі перавагу ўтрымалі. Такім чынам, 2:1 і другі для „Віцебска” Кубак Салея ў гісторыі клуба – год таму падначаленыя Рамана Юпатава таксама сталі ўладальнікамі трафея, абыграўшы ў фінале „Гомель”.Трэцяе месца ў сёлетнім розыгрышы турніру заняў хакейны клуб „Брэст”, які адолеў у паядынку за бронзу „Юнацтва” – 2:1.

Савіцкі аформіў дубль і дагнаў у гонцы бамбардзіраў Карпіцкага і Марозава

Гарадзенскі «Нёман» у матчы 19-га туру сустракаўся з «Энергетыкам-БДУ» і перамог 3:1. Дубль аформіў форвард «Нёмана» Павел Савіцкі. У гэтым сезоне футбаліст забіў 12 мячоў. Столькі ж у Ягора Карпіцкага, які змяніў «Шахцёр» на «Крылы Cаветаў», і форварда мiнскага «Дынама» Уладзіслава Марозава. Такім чынам, Савіцкі дзеліць першае месца ў рэйтынгу бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі. Усяго ў сёлетнім сезоне футбаліст правёў 15 матчаў.

„Ягелонія” выйшла ў лідары

Футбалісты «Ягелоніі» выйгралі ў Беластоку ў «Гурніка Забжэ» з лікам 4:1 у 6-м туры польскай экстракласы і выйшлі ў лідары чэмпіяната. Галоўныя падзеі ў Беластоку адбываліся ў першай палове гульні. На 17-й хвіліне гаспадары вялі 2:0 пасля галоў іспанцаў Хасэ Наранха і Хесуса Імаза. Хаця на 38-й хвіліне Себасцьян Мусіолік забіў гол у адказ праз пяць хвілін чырвоную картку ўбачыў абаронца «Гурніка» Каміль Лукошэк, а праз некаторы час штрафны ўдар выкарыстаў Барталамей Удовік. На 64-й хвіліне вынік матчу ўсталяваў Дамінік Марчук 4:1.  «Ягелонія» пасля чацвёртай перамогі запар, з 12 набранымі ачкамі паднялася на пазіцыю лідара, праўда ў варшаўскай «Легіі», якая адстае на два ачкі, ажно на два матчы менш.

Вар’яцкі матч „Барселоны” і пераможны гол Роберта Левандоўскага ў Ла Лізе

Завяршыўся матч 3-га тура іспанскай Ла Лігі паміж „Вільярэалам” і „Барселонай”. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу гасцей з лікам 4:3. На 71-й хвіліне Роберт Левандоўскі прынёс перамогу камандзе Хаві Эрнандэса. Форвард «Манчэстэр Сіці» Эрлінг Холанд не рэалізаваў пенальці ў матчы трэцяга тура АПЛ супраць «Шэфілд Юнайтэд». 23-гадовы нарвежац прабіў у штангу. Праўда адзін гол ён усё ж такі забіў, а перамогу „гараджанам” прынёс гол Родры 2:1. «Ліверпуль» з такім жа лікам вырваў перамогу ў «Ньюкасла», дзякуючы дублю  Дарвіна Нуньеса. «Ювентус» і «Балоння» згулялі ўнічыю 1:1 – на гол Фергюсана адказаў Улахавіч.  Форвард «Баварыі» Хары Кейн забіў 2 галы ў матчы 2-га тура Бундэслігі супраць «Аўгсбурга», які скончыўся перамогай мюнхенцаў 3:1. Нападнік адзначыўся на 40-й і 69-й хвілінах.

Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” ўзялі бронзу турніру ў Санкт-Пецярбургу

Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” заваявалі бронзу на турніры памяці Вячаслава Платонава, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. У паядынку за трэцяе месца падначаленыя Віктара Бекшы абыгралі маскоўскі ЦСКА з лікам 3:1.

Украінка Яраслава Магучых упершыню ў кар’еры стала чэмпіёнкай свету ў скачках у вышыню

На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які праходзіць у Будапешце, завяршыліся спаборніцтвы жанчын у скачках у вышыню. Перамогу святкавала лёгкаатлетка з Украіны Яраслава Магучых, якая адзіная з усіх удзельніц узяла планку 2 метры і 1 сантыметр.

Гран-пры Нідэрландаў: Ферстапен перамог, Алонса – 2-і, Гаслі – 3-і

У Зандварце адбылася 13 гонка «Формулы-1» Гран-пры Нідэрландаў. Перамог пілот «Рэд Бул» Макс Ферстапен, Фернанда Алонса з «Астан Марцін» – другі, П’ер Гаслі з «Альпін» – трэці.

Беларускае Радыё Рацыя