„Зямля над белай ракой” – спрадвечная падляшская беларуская культурнасць
Новы зборнік вершаў Андрэя Сцепанюка выйшаў у выдавецкай серыі Праграмнай Рады тыднёвіка „Ніва”. Гэта ўжо 62-е выданне рэдакцыі з 1992 па 2023 год.
Назіраць за часам — выклік для паэтычнасці значна больш складаны, чымсьці ўгляданне і ўкладанне толькі ў аголенае чалавечае яканне. Той час нараджаецца з нашым зачаццем і выношваннем ва ўлонні матчынай трывогі і надзеі. Мацярынскія словы, чутныя ўжо тады штодзённа, будуць тым першым, назапашаным моўным паняццем, з якім з вялікім крыкам прарвешся ў абмежаванасць тваёй зямной часапрасторы. З гэтай хвіліны афіцыйна стартануў менавіта ўжо наш час прамінання, а кожны, пасяліўшыся ў сваім доме з літар, можа надаць ямутакі кшталт, што застаецца ў памяці не толькі сямейнага пераказу, але будзе той жамчужынай, што ўпрыгожыць і ўвекавечыць дух і моц літар алфавітатвайго народа. Бо ёсць у тым балючае адчуванне і разуменне сутыкнення з часам жыцця, які ўжо для некаторых старажытных філосафаў абазначаў толькі плывучую нясучасць.
Накопленасць шматгадовай балючасці назіранняў і патрэба тады такога акту акунання сябе і свайго народа ў паэтызаванай, сакральнай абраднасці ачышчэння, гэта тое, што новы паэтычны зборнік Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой» ставіць вельмі сур’ёзныя пытанні ў беларускай літаратурна-культурнай прасторы выжывання. Універсалізм чалавечага цярпення, момантамі безнадзейнасці, знітаваны тут неразрыўна з болем патаптанага і скамечанага беларускага лёсу, а мо і патратай той Ітакі, якая адплыве назаўсёды разам з тымі выструганымі намі караблікамі, якія панеслі тыя лужыны, ручайкі і рэкі дзяцінства. У якой ступені такі лёс з’яўляецца часам нашай эмацыянальна-нацыянальнай няспеласці? Мо таму і на нашай падляшскай зямлі прыйшоў час адпявання і самазнікання, а крыху далей расцярушанасць, крыўда, кроў ад узурпатарскіх жорнаў, што перамалоць хочуць таксама і тваю мову і надзею на яе лепшую долю. Як жа не хочацца стацца і звацца людзьмі на зямлі над рэкамі забыцця!
Нічога затым дзіўнага, што асэнсаванасць тых усіх кругазваротных лёса-часовых працэсаў праз пранізлівую паэтычнасць Андрэя Сцепанюка можа нас перасцерагаць і абараняць перад ілюзіяй самаздзяйснення ў раздзьмутых бурбалках ненасытнага самазадавальнення. Менавіта ягоныя вершы, быццам тыя рэкі, што ствараюць для нас суцэльную духоўную артэрыю, дазваляюць адчуць рэальныя пахі і смакі часу жыцця. Скажу нават больш — у нас застаецца проста прага надалей каштаваць кожнае яго слова і кожны радок. Вандраваць з родным словам, не як з цяжарам, не як з гарбом ці наканаваннем, але як з адчуваннем свядомага свайго выбару, сваёй сілы і слабасці, сваёй веры і грэху — дазваляе аднайсці сябе ў літаратурным пошуку патрачанага часу. Дзякуючы зборніку Андрэя Сцепанюка нам, чытачам, даецца прапанова назіраць і за сваім часам, праз які мо варта бачыць не толькі самога сябе.
Памятаць пра яблык грэху з райскага саду, узгадаць апошнія яблыкі з дзедавай старой яблыні, услухоўвацца і ўглядацца ў свет нараджэння Хрыстовага, цярпення, смерці і ўваскрэсення Ісуса Хрыста, спеўны заход каляднікаў і валачобнікоў. І загадкавая ікона Божай Маці са сваёй бязмежнай, ласкавай усмешкай, ці бліжэй не сперсаніфікаваная намі ікона святога, што ўглядаецца са святога кута ў кожным пакойчыку… Менавіта тая сакральная машына часу дазваляе беларускаму паэту з Бельска-Падляшскага знайсці дыстанцыю да бягучых падзей і надаць яму адвечную форму вандравання па храмах, манастырах і могілках на роднай зямлі. Намоленасць роднай зямлі і хатніх святых кутоў дазваляе жыць з малітвай не толькі ў канфесійным парадку, але перш за ўсё ў адчуванні вечнасці нашага прамінання і любога месца ахвяравання малітвы Богу.
Таму і зусім інакш глядзіцца на раку часу, якая стагоддзямі, а ўжо праўдзівей нават тысячагоддзямі, скрываючыся ў белых, малочных туманах, выклікала розныя прывіды раслінна-жывёльнага свету з фантасмагорыяй святасці і чартоўшчыны, акрашанай уяўленнямі постацей, шматнацыянальнай і шматканфесійнай падляшскай зямлі. А паміж замкавымі гарамі, распаложанымі ўздоўж цякучых рэк, бачыліся вершнікі з мячамі на конях у пагоні за тымі ліхадзеямі, што хацелі разбураць, паліць і загнаць у чужыншчыну нашу мінуўшчыну. І хоць зараз ужо тут не замкавыя горы, але па паэтычнаму, сцепанюкоўскаму — драўляная, што маўчыць і трывае. Мо аднак яшчэ цокату падкутых конскіх капытоў нават са здзірванелага замкавага падзямелля нам удасца паслухаць?
Хуткасць, шматлікасць і маланкавасць злабадзённых спраў адбірае ў нас ахвоту стаць вока ў вока з выклікамі больш маральна-экзістэнцыяльнага характару. Бо ж цяжар цярпенняў і нагрузкі для душы і сэрца многім здаецца старасвецкім і аджытым у часы камп’ютарных інтэлектаў. Аднак старацца адкрыць і апісаць душу дадзенага народа патрабуе аўтарскага ахвяравання і пакутнага маўчання, каб выбудаваць моц свайго дому з літар.
Паэтычны зборнік Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой» прыплыў да нас, чытачоў, са спрадвечнай падляшскай культурнасці і знакаміта ўпісаўся ў вечнасць беларускай паэтычнай літаратуры.
Дзякуй, Андрэй!
Яўген Вапа, чэрвень 2023
хлеб
акраец табе, акраец мне
а рэшткі пакінем тым
хто прыйдзе пасля нас
няхай ядуць на згоду
і апамятанне галоваў
ды рук хвалу вялікую
без масла і скварак
выпечаны з пшанічнай мукі
ў печы выпаленай стагоддзямі
ешце за праўду і будучыню
так як дзяды і бацькі елі
са стала зробленага з дрэваў сасновых
а калі прыйдзе дзень платы
з крошак зрабіце белы пірог
і благаславіце яго на дарогу тым
якія церпяць
суседзі
суседзі прыйшлі пасля
паглядзелі на заспетае
памаўчалі і напісалі пратакол
у якім прасілі памілавання
мы не ведалі чаго ён патрабуе
мы не чулі яго крыкаў і плачу
занятыя мы сваімі справамі
і праблемамі свайго жыцця
на канцы стаяў той які быў вінаватым
схаваны за плячыма другіх
нічога не гаварыў
стараўся быць невідавочным
найбліжэйшы сусед сказаў
што ўсё гэта віна прыезджых
і што гэта яны знішчылі спакой
а потым пайшлі невядома куды
усе вырашылі падтрымаць найбліжэйшага
парвалі карткі з подпісамі
кінулі іх у вогнішча
якое распалілі каб было цяплей
суседзі не заўважылі як з цела
якое вісела на пятлі высокай яблыні
вылятае душа ў сініх колерах
і напраўляецца на захад
іх не цікавіла ўжо адбытае
закрычалі яны на многа галасоў
дык трэба будзе выпратаць панадворак
і накарміць жывёлу каб не здохла
яны ўжо забылі і спантанна выбралі трох
якіх паслалі з петыцыяй да ўлады
каб тая не будавала ім дарогу
па якой прыйдуць новыя невядомыя
душа ляцела штораз вышэй
з часам заіскрылася белым лебедзем
які назаўсёды адплываў з месца
якое яшчэ хвіліну раней было яму
бацькаўшчынай
валачобнікі
у першую Велікодную ноч 2022 года
прыйшлі ў маю кватэру валачобнікі
селі за стол, паглядзелі вакол
і нечакана сталі плакаць
— чаго плачаце валачобнікі — пытаю
Хрыстос уваскрос, радавацца трэба
— мы не з-за Хрыста, мы з-за людзей — адказваюць
і яшчэ больш льюцца па іх шчоках слёзы
— ніхто нас не прымае, не адчыняюць дзвярэй
ты першы хто не сустрэў нас абыякава
а мы нясем добрую навіну і радасць
і нічога за гэта не хочам, нават грошыка малога
сядзелі валачобнікі глядзелі на сцены
а мне не захацелася апраўдваць людзей
і адказваць нa пытанне валачобнікаў
калі папраўдзе адказу на пытанне няма
— дык заспявайце хаця мне — прашу сваiх гасцей
а яны глянулі адзін аднаму ў вочы, падумалі
і пайшлі не сказаўшы ні аднаго слова
веснавыя валачобнікі 2022 года
25.04.2022
надзея
у яблычным садзе мы збіралі антонаўкі
якія пахлі свежасцю нашага дзяцінства
голымі рукамі зрывалі яшчэ недаспелыя яблыкі
у якіх не было ніводнага чарвяка
нашы парваныя кашулі не думалі
што праз трыццаць гадоў вернемся ў гэты сад
і не зразумеем што старэюць толькі дрэвы
якіх не высек час
малыя хлопчыкі якіх ніхто не шукаў
і ніхто аб іх не памятаў
толькі гэты коцік са шчырымі вачамі лашчыўся да нас
і чакаў што па-сяброўску адхілім яго самоту
мы гулялі з ім з дзіцячай шчырасцю
а потым узялі сякеру і адрубалі яму яго коцікаву галаву
ён застаўся назаўсёды ў зямлі
пад сцяпанавым плотам
ніхто ніколі не зразумеў
чаму не вырасла там ніводная травінка
пасля трыццаці гадоў калі я здымаў з апошняй яблыні
якая засталася ў яблычным садзе
твае заціснутае на шыі цела з кішэні
вырвалася пажоўклая картачка з невыразным надпісам
надзея верне нас у сад