Паэт, які пісаў пра любоў у квадраце
28 жніўня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння беларускагаі паэта, празаіка і сатырыка Міхася Пянкрата (1918-2001).
Міхась Пянкрат нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Карпілаўка на Чэрвеншчыне. Скончыў Хутарскую сямігодку і паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. У 1939 годзе пайшоў служыць у Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне (1939-1940), быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, а потым камісаваны.
У 1940-1941 гадах працаваў у рэдакцыі рудзенскай раённай газеты «Бальшавіцкі сцяг». З пачаткам вайны да 1942 года знаходзіўся ў вёсцы Ведрыца Чэрвеньскага раёна. У 1942 годзе быў сувязным партызанскай брыгады «Чырвоны сцяг», якая дзейнічала на Меншчыне. З 1943 года перайшоў у брыгаду, ваяваў да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. У 1945 годзе пераехаў у Менск і працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет.
Першы зборнік яго вершаў «Салаўіны бераг» пабачыў свет у 1956 годзе. Вельмі добра ў літаратара атрымліваліся сатырычныя вершы. Ён аўтар зборнікаў сатырычных апавяданняў і гумарэсак «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), апавяданняў і аповесцей «Шчасце маё» (1962), «Ведрыцкія напевы» (1965), «Любоў у квадраце» (1969), «Прынцыповы пасаг» (апавяданні, вершы і гумарэскі, 1978), «Спатканні і ростані» (выбранае, 1978), «Не астудзі сваё сэрца» (1989) і шмат іншых. На словы паэта напісана шмат песень беларускімі кампазітарамі.
Беларускае Радыё Рацыя