Шэсць беларускіх тэнісістаў згуляюць на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку



У Нью-Ёрку сёння, 28 жніўня, стартуе 143-ці адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе, апошні ў сезоне турнір серыі „Вялікага шлема”. У ім выступяць шэсць прадстаўнікоў Беларусі. У жаночым адзіночным разрадзе першай з беларусак на корт выйдзе экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, якая сустрэнецца з французскай тэнісісткай Фіёнай Фэра. Аляксандра Сасновіч згуляе з полькай Магдай Лінэт, а суперніцай другой ракеткі планеты Арыны Сабаленкі будзе прадстаўніца Бельгіі Марына Занеўская. У 1/64 фіналу мужчынскага адзіночнага разраду апанентам беларуса Іллі Івашкі будзе аргенцінец Хуан Мануэль Чарундала. Агульны прызавы фонд турніру ў гэтым годзе складзе рэкордную суму – 65 мільёнаў даляраў. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах заробяць па 3 мільёны. У мінулым годзе чэмпіёнамі сталі іспанец Карлас Алькарас і полька Іга Свёнтэк.

Нават з лепшымі вынікамі летняга сезона беларусы не змаглі б патрапіць у тройкі прызёраў на ЧС-2023 у Будапешце

У венгерскай сталіцы завяршыўся апошні перадалімпійскі чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Як вядома, лёгкаатлеты Беларусі на яго не былі дапушчаныя, таму для аналізу застаецца толькі віртуальнае параўнанне іх найлепшых вынікаў у летнім сезоне 2023 года з паказчыкамі прызёраў ЧС-2023, паведамляе „Прессбол”. У сярэднім вынікі ЧС-2023 былі, мякка кажучы, невыбітнымі. За 9 дзён спаборніцтваў удзельнікі толькі раз перасягнулі сусветны рэкорд, ды і то ў новай дысцыпліне – змешанай эстафеце 4х400 м. Але нават з улікам гэтага ніводнага лепшага выніку, паказанага ў летнім сезоне-2023, вядучым беларускім лёгкаатлетам не хапіла б у Будапешце для траплення ў прызёры.

Перад стартам US Open Аляксандра Сасновіч апусцілася на 92-е месца ў рэйтынгу WTA

Перад пачаткам адкрытага чэмпіянату ЗША беларуска Аляксандра Сасновіч страціла 24 пазіцыі ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На мінулым тыдні Сасновіч займала 68-е месца, а пасля выступу на турніры ў амерыканскім Кліўлендзе, дзе яна прайграла ў другім раундзе, апусцілася на 92-гі радок. Арына Сабаленка знаходзіцца на другой пазіцыі, Вікторыя Азаранка займае 18-е месца. Узначальвае рэйтынг па-ранейшаму полька Іга Свёнтэк.

Ілля Івашка выпаў з топ-100 рэйтынгу АТП. Цяпер там няма беларусаў. Наш суайчыннік у абноўленай табліцы апусціўся з 99-га на 103-е месца. Званне другой ракеткі краіны ўтрымлівае Мікалай Галяк – ён узняўся з 575-га на 567-е месца. Аляксандр Згіроўскі вярнуўся ў топ-600: ён размяшчаецца на 595-м радку. Лідыруе ў рэйтынгу перад US Open Карлас Алькарас, другім ідзе Новак Джокавіч, замыкае тройку Данііл Мядзведзеў.

Юнацкая зборная Беларусі выйграла Турнір памяці Марозава ў Санкт-Пецярбургу

Каманда, складзеная з гульцоў не старэйшых за 2008 год нараджэння, выйграла ўсе пяць матчаў. Калектыў Валерыя Апанаса быў мацней за „Фенербахчэ”, „Зеніт”, „Сантас” і юнацкую зборную Расеі. А ў фінале беларусы разграмілі „Кайрат” з лікам 5:0. Данііл Чаргейка адзначыўся „покерам”. Лепшым паўабаронцам турніру быў прызнаны беларус Сяргей Жывушка.

«Рома» хоча за сёння дамовіцца пра трансфер Лукаку

«Рома» хоча за сёння дамовіцца пра трансфер Рамэлу Лукаку, паведамляе Фабрыцыа Рамана. У нядзелю ўвечары рымляне правялі перамовы з «Чэлсі» і прадстаўнікамі 30-гадовага бельгійца. «Рома» прапануе 5 мільёнаў еўра за арэнду, якая не будзе прадугледжваць абавязковы выкуп, толькі права. Нагадаю, мінулы сезон Лукаку адыграў на правах арэнды за «Інтэр», забіўшы 14 галоў і аддаўшы 7 выніковых перадач у 37 матчах. Кантракт гульца з «Чэлсі» дзейнічае да 2026 года.

Беларускае Радыё Рацыя