Беларусь збіраецца закупіць за мяжой мільён тон збожжа



Неспрыяльныя ўмовы надвор’я вясны-лета гэтага года прывялі да таго, што беларускім аграрыям, відаць, не ўдасца дасягнуць планавых паказчыкаў па намалоце збожжавых культур. Каб кампенсаваць недабор, урад вымушаны будзе спадзявацца на пастаўкі з-за мяжы.

Як заявіў у эфіры тэлеканала ОНТ міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сяргей Барташ, наша краіна плануе закупіць за мяжой 1 млн тон збожжа – па словах чыноўніка, такія сур’ёзныя аб’ёмы імпарту звязаныя з тым, што ўраджай гэтага года будзе ніжэйшы за планавыя паказчыкі.

Тым не менш, паводле слоў Барташа, ёсць рэгіёны, дзе былі атрыманы высокія вынікі – у некаторых з іх нават удалося перавысіць паказчыкі мінулага года. Пры гэтым нізкая ўраджайнасць перш за ўсё звязана з небывалай за апошнія 78 гадоў засухай, якая ўсталявалася з канца вясны.

У літоўскіх крамах знайшлі тавары з Беларусі, нягледзячы на санкцыі

У крамах гандлёвага альянсу Aibė ўсё яшчэ можна знайсці расейскія і беларускія тавары, нягледзячы на тое, што пасля пачатку вайны ва Украіне група паведамляла пра спыненне паставак такіх тавараў. Чытач Delfi наведаў адну з крамаў Aibė ў рэгіёне і здзівіўся, убачыўшы расейскія і беларускія тавары.

Гэта мінеральная вада Borjomi, Narzan (імпарцёр — Беларусь), якую распаўсюджвае ў Літве кампанія Talihas. Расейскія надпісы ёсць і на яшчэ некаторых напоях Martin — гэта “Тархун” і грушавы ліманад. Кампанія Martin — расейская.

Delfi звярнуўся да прадстаўнікоў Aibė, але адказу не атрымаў.

Грэцкія арэхі ў прамысловых маштабах

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ у эфіры тэлеканала АНТ распавёў аб прамысловым вырошчванні грэцкіх арэхаў у Беларусі, піша БелТА. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая да любых выклікаў прыроды і ў адпаведнасці са змяненнем клімату вырошчвае новыя культуры.

“Мы вырошчваем і бахчавыя ўжо. Калі браць 20 гадоў таму, то ніхто, напэўна, не верыў, што мы можам вырошчваць грэцкія арэхі. У прынцыпе, мала хто вырошчваў грэцкія арэхі”, — сказаў Сяргей Барташ. Паводле яго слоў, сёння можна казаць, што гэтая культура можа апрацоўвацца на тэрыторыі краіны пад поўную патрэбу. “А можа, яшчэ і пойдзе з часам на экспарт, гэта значыць у прамысловых маштабах. Сёння ў нас закладзены арэхавыя сады і ў Берасцейскай вобласці, і ў Менскай, якія будуць працаваць у прамысловых маштабах”, – дадаў міністр.

Пералёты могуць падаражаць ва ўсім свеце

У апошнія месяцы даступнасць авіяцыйнага паліва знізілася, а яго запасы ў буйных транспартных вузлах ніжэйшыя за сярэднія сезонныя паказчыкі. На гэты факт звярнулі ўвагу журналісты Bloomberg.

Сваю ролю ў гэтым адыграў і рост попыту на пералёты з-за вяртання ў гэтую сферу Кітая. Доўгі час праз пандэмію ў Кітаі дзейнічалі жорсткія абмежаванні на пералёты, але цяпер яны знятыя. Гэта істотна падвышае попыт на авіяцыйнае паліва. Росту попыту на паліва садзейнічае таксама і скарачэнне яго паставак. Цяпер цэны на паліва далёкія ад максімальных, але толькі ў жніўні яны выраслі прыкладна на 30%, а сусветныя цэны на нафту ўзняліся за два месяцы на 15%, піша Office Life.

Аналітыкі Bloomberg мяркуюць, што з-за высокіх цэн на паліва авіякампаніі могуць перакласці гэтыя выдаткі на вандроўцаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: freepik.com