Павел Латушка: Лукашэнку практычна пастаўлены ультыматум
Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.
Сёння ў Варшаве сустракаліся міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сярод іншага абмяркоўвалася пытанне закрыцця мяжы Еўразвязу з Беларуссю.
РР: На гэта сустрэчы міністраў унутраных спраў чатырох краін прагучалі заявы пра магчымае закрыццё межаў Беларусі з Еўразвязам. Ці можна гэтыя заявы пракаментаваць?
Павел Латушка: Так. Важна падкрэсліць, што практычна ўзгоднена сумеснае рашэнне чатырох міністраў унутраных спраў. Нас перадусім, канешне, цікавіць пазіцыя трох міністраў, гэта Польшчы, Літвы і Латвіі. Бо Беларусь мяжуе менавіта з гэтымі дзяржавамі. І было выказана адпаведнае рашэнне. Яно аформлена ў выглядзе адпаведнай дэкларацыі, якую можна знайсці і прачытаць, што калі Лукашэнка будзе працягваць тыя дэструктыўныя дзеянні, супраць гэтых краінаў, і яны прывядуць, напрыклад, да ўзброенага канфлікту на межах Беларусі з гэтымі краінамі, не важна з якой з гэтых трох краінаў, альбо калі будзе канфлікт з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў, гэта ўсё можа стаць падставай для закрыцця межаў з усімі гэтымі краінамі. Не важна, дзе гэта адбудзецца, на мяжы з Літвой, з Латвіяй ці з Польшчай. Будуць зачыняцца ўсе межы.
Мы, як Аб’яднаны Пераходны Кабінет, яшчэ на працягу мінулага тыдня, і напярэдадні, камунікавалі вельмі актыўна з міністрамі ўнутраных спраў і Літвы, і Латвіі, і Польшчы. У мяне адбылася сустрэча з намеснікам міністра ўнутраных спраў Латвіі, з прадстаўнікамі міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, і мы вельмі дакладна данеслі нашую пазіцыю. Мы лічым, што трэба выкарыстоўваць форму ўзмацнення ціску на рэжым, заблакаванне яго магчымасцяў, таксама абмежаванне яго магчымасцяў. З другога боку ў ніякім разе нельга ісці шляхам пагаршэння магчымасцяў для грамадзянаў Беларусі наведваць краіны Еўрапейскага звязу. Гэтую формулу мы прапанавалі, яна была пачута.
Сёння перадусім ішла размова менавіта пра гандлёвы рух, бо пазней, калі ўжо была прэс-канферэнцыя міністраў унутраных спраў Польшчы, Марыюш Камінскі публічна агучыў тэзіс, што, канешне, Польшча і суседзі не забываюць пра беларусаў, не забываюць пра палітычна рэпрэсаваных, і фактычна ў гэтай дэкларацыі змешчаны ультыматум Лукашэнку. Ультыматум заключаецца ў наступным. Першае. Ён павінен вывесці наёмнікаў «Вагнера» з тэрыторыі Беларусі. Другое. Ён павінен спыніць атакаванне, з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў, межаў Еўразвязу. Гэта ў пісьмовым выглядзе. У непісьмовым выглядзе было сказана, што Лукашэнка павінен ісці на вызваленне палітзняволеных. Таму сёння Лукашэнку, можам так рэальна казаць, пастаўлены ультыматум. Ён знаходзіцца паміж молатам і кавадлам. І што ён будзе рабіць далей, гэта вельмі цікавая гісторыя.
Калі краіны пойдуць на закрыццё, напрыклад, гандлёвых адносінаў, гандлёвага транзіту праз мяжу Беларусі з Еўразвязам, адразу ўключаецца ў гэта Кітай. Бо менавіта Кітай страціць вельмі шмат ад таго, што будуць, напрыклад, заблакаваныя чыгуначныя пункты пропуску з Беларуссю. Гэта ўзмацненне эканамічнага ціску на Лукашэнку, гэта ўзмацненне палітычнага ціску на Лкашэнку. Ён сам давёў да гэтай сітуацыі. Ён сам штучна арганізаваў міграцыйную вайну. Ён сам, як мы ведаем, запрасіў «Вагнер» на тэрыторыю Беларусі. Ён штодня дэманстратыўна, з выклікам, з выкарыстаннем беларускіх пагранічнікаў, робіць злачынствы. Ён атакуе межы Еўрапейскага звязу. І ён за гэта адказвае. Для нас, як для Аб’яднанага пераходнага кабінету, важна, канешне, не дапусціць, каб пацярпелі беларускія грамадзяне. І гэта прагучала сёння.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя