Агляд прэсы: хваля абурэння
Талібан забараніў жанчынам наведваць нацыянальны парк Бандзі-Амір. Прадстаўнікі Еўразвязу заклікаюць Расею вярнуцца да «збожжавага пагаднення». Служба дзяржбяспекі Латвіі заявіла, што расейская ФСБ вярбуе ўкраінскіх бежанцаў. Улады Японіі сцвярждаюць, што марская вада каля АЭС «Фукусіма-1» не радыактыўна. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
Талібан забараніў жанчынам наведваць нацыянальны парк Бандзі-Амір у правінцыі Баміян, паведамляе BBC: «Па словах Махамада Халеда Ханафі, які займае пасаду «міністра па справах дабрадзейнасці і заганы» Аўфганістана, прычынай стала незахаванне жанчынамі правілаў нашэння хіджаба ў парку. Ён таксама заклікаў рэлігійныя органы і спецслужбы падтрымаць забарону да выпрацоўкі канчатковага рашэння. Бандзі-Амір, адкрыты ў 2009 годзе, — першы нацыянальны парк Афганістана і запатрабаваны турыстычны аб’ект, месца сямейнага адпачынку. ЮНЕСКА характарызуе яго як унікальнае прыроднае месца з рэдкімі геалагічнымі фармацыямі. Жанчын–турыстаў у парку было даволі многа.»
Высокапастаўлены прадстаўнік Еўразвяза заклікаў Расею вярнуцца да «збожжавага пагаднення» і перастаць перашкаджаць пастаўкам украінскага збожжа праз Чорнае мора, піша Reuters.
«З такой заявай выступіў выканаўчы віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс на сустрэчы міністраў гандлю краін G20 у Індыі. Паводле яго слоў, блакіроўка гандлёвых шляхоў у Чорным моры стварае праблемы не толькі для Украіны, але і для многіх краін, якія развіваюцца, а Расія „выкарыстоўвае збожжа як зброю”.
– Мы падтрымліваем намаганні ААН і Турцыі, звязаныя з чарнаморскай збожжавай ініцыятывай, — сказаў Дамброўскі і дадаў, што партнёры Украіны падаюць ёй альтэрнатыўныя гандлёвыя маршруты для экспарту збожжа і іншых тавараў.»
У службе дзяржбяспекі Латвіі заявілі, што расійская ФСБ спрабуе вербаваць украінскіх бежанцаў, калі тыя перасякаюць мяжу Расіі і Латвіі. Аб гэтым піша выданне Delfi.
«Cпробы вярбоўкі часцей за ўсё адбываюцца менавіта на мяжы, на баку Расіі. Супрацоўнікі ФСБ, часта выдаючы сябе за памежнікаў, праводзяць працяглыя допыты бежанцаў, распытваючы пра іх біяграфію, кантакты ва ўкраінскіх сілавых структурах і пра тое, што адбываецца ў зонах баявых дзеянняў. У большасці выпадкаў мэта паглыбленага допыту – атрыманне інфармацыі, але ў некаторых выпадках за ім таксама адбываецца адкрытая спроба вярбоўкі.»
Праверка марской вады каля японскай АЭС „Фукусіма-1” не выявіла радыеактыўнасці, паведамілі ўлады краіны, піша Reuters.
«24 жніўня пачаўся працэс скіду вады з разбуранай АЭС „Фукусіма-1″ у Ціхі акіян. У нядзелю Міністэрства навакольнага асяроддзя Японіі паведаміла вынікі тэстаў, якія не выявілі радыеактыўнасці ў акіяне. Раней суседзі Японіі, Кітай і Паўднёвая Карэя выказалі заклапочанасць з-за гэтага рашэння, а мясцовыя рыбакі заяўлялі, што баяцца за свой промысел.»
Паліцыя ў Індыі пачала расследаванне пасля з’яўлення ў сетцы відэа, на якім настаўніца прапануе школьнікам даць аплявуху 7-гадоваму аднакласніку-мусульманіну. На відэа хлопчыка, які плача, б’юць па твары, паводле папярэдніх звестак, за памылкі ў матыматыцы. Відэа стала вірусным у сацыяльных сетках і выклікала хвалю абурэння ў Індыі, піша Расейская служба BBC.
«Індыйскія ўлады пацвердзілі, што відэа сапраўднае, і паабяцалі прыняць меры. Бацька пацярпелага паведаміў пра тое, што адбылося ў паліцыю, і забраў хлопчыка са школы, аднак вылучаць абвінавачванняў не стаў. Праваабарончыя групы кажуць, што з таго часу, як прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі ўступіў на пасаду ў 2014 годзе, колькасць злачынстваў на глебе нянавісці і актаў гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў мусульманскай меншасці ў Індыі ўзрасла.»
Беларускае Радыё Рацыя