Аляксандра Сасновіч не выйшла ў другі круг US Open
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы ў адзіночным разрадзе адкрытага чэмпіянату ЗША. У стартавым матчы беларуска, якая займае 92-е месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла ў дзвюх партыях польскай тэнісістцы Магдэ Лінэт, у якой 24-я пазіцыя, – 3:6, 1:6. У першым раундзе парнага разраду Аляксандра Сасновіч і расейка Кацярына Аляксандрава згуляюць з інданезійска-японскім дуэтам Алдзіла Сутжыадзі / Мію Като.

Выканкам АБФФ прыняў рашэнне рэфармаваць другую лігу і чэмпіянат дублёраў
У 2024 годзе другая ліга пройдзе ў новым фармаце. Таксама змены закрануць чэмпіянат дублёраў. Невядома, як менавіта будзе рэфармавана Другая ліга. Магчыма, да ліку ўдзельнікаў дададуцца дублевыя склады 16 клубаў вышэйшай лігі. Ёсць некалькі варыянтаў, як будзе выглядаць Д3 ў наступным годзе. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў (24 або 36) яны разаб’юцца на дзве ці тры геаграфічныя зоны. Астатнія каманды будуць прадстаўлены ў рэгіянальнай трэцяй лізе (Д 4).
Савіцкі набраў 101 бал па сістэме гол+пас за «Нёман»
Нападнік «Нёмана» Павел Савіцкі, аформіўшы дубль у матчы супраць «Энергетыка-БДУ», набраў 100-е і 101-е ачкі ў складзе гарадзенскага клуба. Зараз у лепшага бамбардзіра клуба 101 (74+27) бал. Ён стаў 9-м футбалістам у гісторыі чэмпіянату Беларусі, які набраў 100 ачкоў.
Рэкардсменам з’яўляецца Віталь Радзівонаў, які набраў 166 (118 + 48) балаў за БАТЭ. У топ – 3 таксама ўваходзяць Ігар Стасевіч (БАТЭ) – 149 (50+99), Раман Васілюк («Дынама» Брэст) – 147 (96+51).
Савіцкі зрабіў 17-ы дубль у вышэйшай лізе і параўняўся па іх колькасці з Генадзем Блізнюком.
БАТЭ абагнаў менскае «Дынама» па колькасці бязвольных паразаў у еўракубках
Пасля паразы ад «Балкані» барысаўскі БАТЭ абагнаў менскае «Дынама» па колькасці бязвольных паразаў у еўракубках. Усяго на рахунку беларускіх клубаў стала 23 бязвольныя паразы. У БАТЭ такіх няўдач цяпер сем. Шэсць разоў саступалі апанентам, пасля таго як павялі ў ліку, менскае «Дынама», чатыры – «Гомель», тры – «Шахцёр», па адным разе – «Белшына», «Днепр» і МТЗ-РІПА. Таксама БАТЭ лідар па колькасці буйных бязвольных паразаў у еўракубках. Барысаўчане, ведучы па ходзе матчу, буйна прайгравалі тры разы. Двойчы падобная аказія здаралася з «Гомелем», адзін раз – з менскім «Дынама».
ФІФА хоча адхіліць Рубіялеса ад футбола на 15 гадоў (Daily Mail)
ФІФА будзе дамагацца адхілення кіраўніка Каралеўскай іспанскай футбольнай федэрацыі Луіса Рубіялеса ад футбола на працяглы тэрмін.
Як паведамляе Daily Mail, ФІФА будзе настойваць на тым, каб Рубіялеса адхілілі на 15 гадоў. Гэта максімальны тэрмін, які дазволены іх статутам.
Нагадаем, ФІФА часова адхіліла Рубіялеса ад пасады на 90 дзён. Луіс пацалаваў гульца зборнай Іспаніі Джэні Эрмосу на цырымоніі ўзнагароджання пасля фіналу жаночага чэмпіянату свету. Пасля таго інцыдэнту ў Іспаніі здарыўся гучны скандал.
Валейбалісткі Чэхіі сталі апошнімі чвэрцьфіналісткамі чэмпіяната Еўропы
На жаночым чэмпіянаце Еўропы па валейболе, які завяршаецца на пляцоўках Бельгіі і Італіі, вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. У апошнім паядынку 1/8 фіналу валейбалісткі зборнай Чэхіі ва ўпартай барацьбе адолелі ўкраінак з лікам 3:2. У чвэрцьфінале чэшкі сустрэнуцца ў Брусэлі з камандай Сербіі, якая перамагла шведак 3:0. Яшчэ ў адным матчы 1/4 фіналу ў бельгійскай сталіцы зборная Польшчы, якая абыграла немак 3:0, згуляе з турчанкамі, якія перайгралі бельгіек 3:1. Дзве гульні за пападанне ў паўфінал адбудуцца ў Фларэнцыі. Дзеючыя чэмпіёнкі Еўропы італьянкі, якія выйгралі ў 1/8 фіналу ў іспанак 3:0, будуць супернічаць з францужанкамі, якія перамаглі румынак 3:1. Валейбалісткі Нідэрландаў, якія разграмілі швайцарак 3:0, сустрэнуцца з балгаркамі, якія ўзялі верх над славачкамі 3:2.
Беларускае Радыё Рацыя
