Уначы беспілотнікі атакавалі адразу некалькі расейскіх рэгіёнаў
Атакі адбыліся ў Пскоўскай, Бранскай, Арлоўскай і Калужскай абласцях, а таксама ў анексаваным Севастопалі.
Першапачаткова было паведамлена пра атаку беспілотніка ў Пскоўскай вобласці. Каля паловы першай ночы губернатар Міхаіл Вядзернікаў паведаміў пра адбіццё атакі дронаў на аэрапорт у Пскове, ахвяр і пацярпелых не было, піша Бі-бі-сі. Пасля атакі ўзнік пажар, ачагі лакалізавалі.
Па некаторых паведамленнях, пацярпела або выведзена з ладу прынамсі чатыры самалёты Іл-76. Рэйсы ў аэрапорце адмянілі да чацвярга для праверкі і аднаўлення ўзлётнай паласы.
Каля 2 ночы Мінабароны РФ паведаміла пра знішчэнне трох украінскіх дронаў у Бранскай вобласці і аднаго — у Арлоўскай. Пазней бранскі і арлоўскі губернатары паведамілі, што пацярпелых у рэгіёнах няма.
У 3 ночы губернатар Севастопаля паведаміў пра адбіццё атакі беспілотнікаў з мора ў раёне Севастопальскай бухты.
Амаль адначасова Мінабароны РФ паведаміла, што ўкраінскі беспілотнік збілі і над Разанскай вобласцю.