Асаблівы шлях Албаніі



Пано ў аэрапорце Ціраны

Колькі часу трэба краіне, каб перайсці ад таталітарызму да пабудовы вольнай дзяржавы. Напэўна ўніверсальных рэцэптаў няма і многае залежыць ад кантыненту нашай планеты. Так у Афрыцы палітычныя рэжымы ў дзяржавах мяняюцца надзвычай часта і там няма нічога ўстойлівага, штогод адбываюцца ваенныя перавароты ў розных рэгіёнах. У Еўропе змены і трансфармацыя набываюць больш сістэмны характар, а пераход дяржаў да новага ладу досыць трывалы ў часе. Невялікая Албанія ў гэтым сэнсе адрозная краіна, хоць бы таму, што яе шлях у 20-м стагоддзі быў вельмі своеасаблівым. Адразу пасля Другой сусветнай вайны да ўлады прыйшлі камуністы. І радыкальнымі мерамі ўсталявалася жорсткая дыктатура пад кіраваннем Энвера Ходжы. Але пабудова камунізму ў Албаніі адрознівалася ад працэсаў у іншых краінах сацыялістычнага лагеру.

У адным з старажытных хрысціянскіх храмаў Берата

Да 1956 года гэтая балканская дзяржава арыентавалася на Маскву ў супрацьвагу імперскай Югаславіі, аднак пасля быў узяты курс на ізаляцыянізм. З сацыялістычных партнёраў Албанія стала падтрымліваць дачыненні толькі з Кітаем і Румыніяй. У 1968 годзе на знак супраць савецкага ўварвання ў Чэха-Славакію Албанія нават выйшла з Варшаўскай дамовы. Краіна жыла ў пастаяннай гатовасці да вайны, а кожная сям’я абавязаная была пабудаваць сабе бетонны бункер. Такога не было ні ў якой еўрапейскай краіне «перамогшага сацыялізму». Гэтыя бункеры дагэтуль застаюцца дадатковай турыстычнай атракцыяй краіны. Што яшчэ характэрна – у 1967 годзе Албанія была абвешчана атэістычнай краінай, былі забароненыя ўсе канфесіі і нават нашэнне барады. Наступствы той палітыкі адчуваюцца дагэтуль – у краіне, у якой больш 60 адсоткаў мусульмане па веравызнанні, па прызнанні самых жыхароў, не больш 20% практыкуючых вернікаў. Затое няма ніякіх супярэчнасцяў і канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных рэлігій. Хрысціяне пачуваюцца ў Албаніі вольна і могуць свабодна практыкаваць сваю абрадавасць. Што адметна, насуперак стэрэатыпам, у Албаніі не вельмі добра ставяцца толькі да касавараў – лічаць, што яны «ламаюць» іхную мову і прыносяць шмат беспарадку.

Адзін з шыкоўных гатэляў Дурэса

Традыцыяналізм і сямейнасць у Албаніі досыць моцныя. У інтэрнэце пішуць, што нараджальнасць невысокая, але на вуліцах часта відаць як шпацыруюць пары з тройкай-чацвёркай малых дзяцей. Раней была цікавая звычка будавання сямейных дамоў – бацькі ўзводзілі толькі першы паверх і пачыналі закладаць другі, нехта з дзяцей, стаўшы дарослым, ставараў сваю сям’ю і дабудоўваў другі паверх, унук мог будаваць трэці. Але час не стаіць на месцы і гэтая традыцыя не знаходзіць працягу, малодшае пакаленне аддзяляецца, а дзе-нідзе можна пабачыць дамы-«недабуды». У сучасных рэаліях адкрытых межаў расце і колькасць змешаных шлюбаў. Давялося пазнаёміцца з полькай, якая выйшла замуж за мясцовага хлопца і ўжо гадоў пяць жыве ў Албаніі. Яна расказвала, што для бацькоў з абодвух бакоў гэта стала сапраўдным шокам.

Тырынія Ходжы доўжылася доўгіх 40 гадоў і абрынулася толькі са смерцю дыктатара ў 1985 годзе. У тым сама блаславёным годзе якраз пачалася гарбачоўская «перастройка» у Савецкім саюзе. І калі ў Расеі і Беларусі «адліга» працягнулася нядоўга і зноў пайшла рэстаўрацыя таталітарызму, Албанія стала развіваць вольнасць. Хоць часам албанцы і прыгадваюць некаторыя станоўчыя моманты мінулага. Папярэднім разам я шмат расказваў пра мясцовы транспарт, але не згадаў пра чыгуначнае спалучэнне. Чыгунка была створаная яшчэ пры дыктатуры, а ў час дэмакратыі якраз прыйшла ў заняпад. Зараз функцыянуе яна надзвычай кепска і непунктуальна. Рэйсаў, якія звязваюць толькі вялікія гарады, няшмат і цягнікі моцна запазняюцца.

Берат – горад уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны

Што цікава, Албанія 139-я ў свеце па велічыні тэрыторыі і таксама 139-я па колькасці насельніцтва. Гэтая невялікая краіна па-ранейшаму застаецца адной з бяднейшых у Еўропе, але сёлета, у час сусветнага крызісу, перажывае сапраўдны турыстычны бум. Развіццё інфраструктуры дае шанец на стварэнне новых працоўных месцаў, а значыць будзе стрымліваць эміграцыю. Бясспрэчна, што палітычная вольнаць спрыяе рынкавай эканоміцы і развіццю краіны.

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”