Вадзім Васюцінскі: Мы не можам сабе дазваляць вялікага песімізму
Украінскае грамадства ўжо крыху навучылася жыць у ваенны час і не чакаць імгненнай перамогі. Яны разумеюць, што нават контрнаступ – гэта доўгі шлях, які трэба так ці інакш прайсці.
У гэтым перакананы наш сённяшні „Госць Рацыі” украінскі доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны, які нейкі час жыў у Беларусі, Вадзім Васюцінскі. Больш падрабязна – у гутарцы з Алісай Поль:
РР: У якім горадзе Украіны вы зараз знаходзіцеся? Які там настрой?
– Я знаходжуся ў Кіеве, сітуацыя прынцыпова не змянілася. Пераважна тое самае, што і было. Кіеў досыць добра захоўваецца ад расейскіх прылётаў. Быў Дзень Незалежнасці, я выйшаў на Хрышчацік, там выстава падбітай вайсковай расейскай тэхнікі, шмат гэтых розных адзінак тэхнікі. Я выйшаў, гляджу, тэхніка стаіць на цэнтральнай вуліцы, а людзей чамусьці не падпускаюць, людзі на ходніках. Я здзівіўся, а потым зразумеў, акурат у гэты час была трывога. Каб людзі не збіраліся разам, хоць яны стаялі на ходніку. Людзі не ўцякалі, а спакойна займаліся сваімі справамі – марозіва, сокі, кава т г.д. Потым, калі скончылася трывога, усе падышлі паглядзець на гэтыя расейскія пачвары. Большасць, калі аб’яўляецца трывога, калі з Расеі вылятае нейкі вайсковы самалёт, дык у нас трывога ў шмат якіх абласцях. Зразумела чаму так, але людзі ўжо звыкліся, што ў большасці выпадкаў, прынамсі ў Кіеве, нічога страшнага не здараецца. Натуральна, што былі прылёты і гінулі людзі, гэта ўсё было, але ў большасці выпадкаў трэба проста перачакаць трывогу і ўсё будзе добра. Гэта ў Кіеве, натуральна што нашмат горшая сітуацыя ў іншых гарадах, дзе няма такой сістэмы, якая абараняе горад у Адэсе, у Мікалаеве, у Харкаве.
РР: Сітуацыя з вагнераўцамі, смерць Прыгожына. Што кажуць на гэтую тэму?
– Гэтую сітуацыю людзі ўспрымаюць пазітыўна. Яна дадае нейкага такога, не тое што аптымізму, але нейкай весялосці. Гэта ўдар па рэпутацыі Пуціна, па агульнай свядомасці расейцаў. Гэта руйнуе іх уяўленне пра тое, што Расея вялікая краіна, што нічога дрэннага здарыцца не можа. Цяпер аказваецца, што могуць быць многія рэчы, у тым ліку барацьба паміж самімі расейскімі сіламі. Гэта напярэдадні нашага Дня Незалежнасці, шмат цікавасці было да гэтых падзей. Людзі абменьваліся інфармацыяй, сачылі. Можа не большасць, але вялікая частка нашага грамадства. Яшчэ гэта спалучалася з лёгкім страхам перад тым, што расейцы могуць нас „павіншаваць” з Днём Незалежнасці, калі так можна сказаць. Дзякуй Богу, нічога такога сур’ёзнага не здарылася. Было цудоўнае надвор’е, хочацца сказаць, што сам дзень прайшоў лёгка і весела, калі б не агульная сітуацыя з вайной.
„Таму з аднаго боку, я ў гэта веру і пра гэта думаю, а з іншага боку, калі пачынаю думаць больш рацыянальна, то прыходзяць крыху песімістычныя думкі. Але мы не можам сабе дазваляць вялікага песімізму”, – дадаў Вадзім Васюцінскі.
Беларускае Радыё Рацыя