Сёлета мігранты больш за 20 тысяч разоў спрабавалі парушыць польскую мяжу



Польская Памежная ахова падвяла вынікі жніўня і васьмі месяцаў на мяжы. У жніўні мігранты каля 2,8 тыс. разоў спрабавалі незаконна трапіць у Польшчу. Усяго ж за восем месяцаў зарэгістравана 20, 7 тыс. спроб.

Пры гэтым 30 жніўня было дастаткова спакойным днём. Памежнікі зарэгістравалі толькі 15 спроб, у тым ліку двое замежнікаў вярнуліся ўглыб беларускай тэрыторыі пры з’яўленні польскага патруля. Трэба адзначыць, што 29 жніўня былі зарэгістраваны спробы больш за 70 чалавек перайсці мяжу. Да гэтага на працягу двух дзён колькасць мігрантаў была мінімальнай.

Літоўская памежная служба ўчора не зарэгістравала спробаў парушэння мяжы. Усяго ж сёлета памежнікі не пусцілі ў краіну 1596 мігрантаў, якія спрабавалі трапіць з тэрыторыі Беларусі.

Латвійскія пагранічнікі зрабілі справаздачу аб 50 спробах пераходу мяжы за 30 жніўня, паведамляе reform.by.