Дакументальны фільм беларускіх рэжысёраў вылучаны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі



Стужка «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі трапіла ў лонг-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі. Гэта прэстыжная кінематаграфічная ўзнагарода, якую яшчэ часта называюць «еўрапейскім Оскарам». У розныя гады яго атрымлівалі Кшыштаф Кіслёўскі, Пэдра Альмадовар і Міхаэль Ханэке, паведамляе budzma.org.

Беларускія рэжысёры Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка атрымліваюць галоўны прыз кінафестывалю CPH:DOX за сваю стужку «Радзіма». Капенгаген, 24 сакавіка 2023 года. Фота: aol.com.

Фільм беларускіх рэжысёраў будзе змагацца за ўзнагароду ў секцыі дакументальнага кіно. «Радзіма» — у ліку 14 намінантаў. Шорт-ліст канкурсантаў, якія працягваюць дасылаць свае заяўкі, апублікуюць 7 лістапада, паведамляецца на сайце інстытуцыі.

Фільм Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча даследуе гвалт у войску і грамадстве. У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яшчэ адна сюжэтная лінія — гэта падзеі 2020 года.

Фільм «Радзіма» — гэта вынік капрадукцыі Украіны, Швецыі і Нарвегіі. Стужка ўжо атрымала FIPRESCI на 23-м Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне і галоўны прыз на Капенгагенскім міжнародным фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX.

Цырымонія ўручэння прэміі Еўрапейскай кінапрэміі адбудзецца ў Берліне 9 снежня 2023 года.