Пяць дзён Ліда будзе адзначаць сваё 700-годдзе



Заўтра, 1 верасня, горад Ліда пачне адзначаць 700-годдзе свайго існавання.

Да гэтага юбілею ўжо аднавіліся многія старыя аб’екты і з’явіліся новыя. Адчыніла дзверы пасля рэканструкцыі сярэдняя школа №1 у мястэчку Першамайскім. У Лідзе ўзведзены дзіцячы сад на 190 месцаў у мікрараёне “Поўнач” за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Мікрараён “Поўнач” будзе самым вялікім у Лідзе. Забудова разлічана больш чым на 33 тысячы жыхароў і прадумана так, каб усім тут было камфортна жыць і працаваць.

1 верасня каля Палаца культуры ў Лідзе пачнецца харчфэст PROCмак.

2 верасня на плошчы каля Палаца культуры адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця святочных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Ліды пад назвай “Захоўваючы мінулае, ствараем будучыню!”. 2 верасня адбудзецца вядомы фэст Lidbeer-2023. А на тэрыторыі Лідскага замка пройдзе дзень сярэднявечнай культуры з рыцарскім турнірам “Лідскія ваяры”.

3 верасня Ліду і яе жыхароў парадуюць спартыўна-святочныя мерапрыемствы, песенна-танцавальныя пляцоўкі, розныя выставы і конкурсы.

6 і 8 верасня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбудуцца навукова-практычны семінар, прысвечаны 170-годдзю Міхала Федароўскага, і навукова-практычная канферэнцыя “Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі”. Гэтыя мерапрыемствы будуць арганізаваны сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя