Даследчыкі вярнулі імя заходнебеларускага паэта
У менскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў з друку зборнік твораў “Прыкрыты сэрца боль” невядомага раней і забытага паэта былой Заходняй Беларусі Язэпа Вількоўшчыка (сапраўднае прозвішча Іосіф Вількоўскі, 1898-1984).
Справа ў тым, што на старонках беларускіх віленскіх выданняў 1920-х—1930-х гадоў шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомымі. Гэта дзесяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Дзякуючы вядомым даследчыкам нашай гісторыі і літаратуры Сяргею Яршу і Сяргею Чыгрыну, не знікла ў невядомасць і творчасць заходнебеларускага паэта Язэпа Вількоўшчыка. Гэта яго дзесяткі лірычных вершаў і розных баек друкаваліся ў віленскіх календарах, калектыўных зборніках, у часопісах “Шлях моладзі”, “Нёман”, “Беларуская крыніца”, “Хрысціянская думка” і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча Язэп Вількоўскі, часцей за ўсё ён падпісваўся Язэп Вількоўшчык, Я.Вількоўшчык, Vilkouscyk J, Vilkoscyk Jazep, J.V, Я.В.
Язэп Вількоўшчык нарадзіўся ў вёсцы Гавенавічы Слонімскага павета (цяпер гэта вёска Падгорная Баранавіцкага раёна). Разам з бацькамі апынуўся ў бежанстве, вучыўся ў Казанскім медыцынскім універсітэце.
Сродкаў на вучобу і пражыванне не хапала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах. То грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. Але ўсе роўна грошай не хапала, жыць і вучыцца было цяжка, а яшчэ сям’я Вількоўскіх вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Таму Язэп пакідае медінстытут і разам з бацькамі напачатку 1920-х гадоў вяртаецца ў родную вёску.
Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытае, спрабуе сам пісаць вершы і байкі на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў па-руску ён адсылае ў “Беларускую крыніцу”, дзе праз часопіс у рубрыцы “Наша пошта” атрымлівае адказ: “Працы Вашай, на жаль, не надрукуем, бо яна напісана па-расейску. Прабуйце пісаць па-беларуску. Пішыце, што ў Вас чуваць? Верш дужа слабы і да друку не падойдзе” (“Belaruskaja krynica”, 1927, №27).
Сядзець склаўшы рукі на Слонімшчыне юнак не хацеў, таму паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы на гэтых курсах, ён пазнаёміўся ў Вільні з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пасля курсаў ён пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Тады і пачынае спрабаваць пісаць, але ўжо на роднай мове. У пачатку 1930-х гадоў Язэп Вількоўскі вяртаецца ў Слонім. Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад вайной і падчас акупацыі – невядома. Але ў кастрычніку 1944 года, згодна “Выпіскі з працоўнай кніжкі”, ён уладкаваўся на 9-ую дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім-Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы. Да гэтай пасады ён меў ужо працоўны стаж 14 гадоў і два месяцы. На чыгуначнай станцыі Слонім Язэп Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. А потым ён працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі “Вторпром”, потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.
Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў. Асабліва плённымі для яго былі 1932-1934 гады. Напрыклад, часопісы “Нёман” і “Шлях моладзі” не паспявалі ўсё дасланае ім друкаваць. Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, якой ён спяваў “сумныя песні”, бо перажываў за матку-Айчыну, якую “сэрцам кахаў”, за лёс свайго народа. Разам з тым заходнебеларускі паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму і за гэта “пайшоў у турму”.
Пісаў паэт і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі на роднай зямлі, а маладых паэтаў ён заклікаў у “край адраджэння, свабоды для ўсіх”. Шмат вершаў у паэта напісалася пра жыццё і смерць. Паэт умеў разважаць, філасофстваць над лёсам свайго народа. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.
Пісаў заходнебеларускі паэт і байкі, празаічныя абразкі.
Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын дбайна сабралі вершы, байкі, гістарычныя абразкі пра Вітаўта, Альгерта, Гедыміна, Кейстута, Ягайлу і г.д. пад адну вокладку, напісалі прадмову, каментар, склалі бібліяграфію друкаваных твораў Язэпа Вількоўшчыка і выдалі зборнік “Прыкрыты сэрца боль”. Даследчыкі вярнулі яшчэ адно імя ў гісторыю беларускай літаратуры, у гісторыю нашай Бацькаўшчыны.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск