Тбілісі: старажытны „Вінзавод №1”



Падчас маіх падарожжаў па Грузіі я ўжо больш за 10 разоў бываў у сталіцы гэтай краіны –  Тбілісі. Кожны раз я знаходжу ў гэтым горадзе цікавыя месцы дзякуючы сваім тбіліскім сябрам.

Некалькі месяцаў таму я патрапіў на цікавую лакацыю, якая зараз працуе як культурная прастора. Гэтая лакацыя мае назву „Вінзавод №1”.

Гісторыя гэтага месца наступная:

У далёкіх 1894-96 гадах у адным з найстарэйшых раёнаў Тбілісі – Веры вялікі архітэктар Аляксандр Озераў спраектаваў і пабудаваў унікальны „Вінны завод № 1” (ღვინის ქარხანა).

Даволі амбіцыйная замова, якая паступіла Аляксандру Озераву падчас кіравання Расейскай імперыяй імператара Мікалая Другога, стала  адным з найболей тэхнічна складаных праектаў таго часу. Таму спецыяльна для гэтага Озерава адправілі ў Парыж, каб ён лепш азнаёміўся з вінаробствам і пераняў досвед еўрапейскіх вытворцаў віна.

Будучы інжынерам-архітэктарам, Озераў выдатна справіўся з усімі тэхнічнымі складанасцямі – прадпрыемства стала паспяхова функцыянаваць. Вінны завод выдатна працаваў да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, пакуль не прыйшоў у поўны заняпад. Вытворчасць, як і час, на заводзе спынілася. І „Вінзавод №1”  стаў помнікам культурнай спадчыны.

На працягу многіх гадоў яго тэрыторыя была зачынена для наведвальнікаў.

Але ў 2017 годзе тэрыторыя завода стала новай шматфункцыянальнай гарадской прасторай для ўсіх.

«Вінны завод» – гэта велізарны праект, які прапануе незлічоную разнастайнасць ідэй для вольнага часу, такіх як блышыны рынак, адкрыты кінатэатр, рэстараны, бары і кафэ, офісныя памяшканні, кулінарная школа – Culinarium, show room і concept store грузінскіх дызайнераў, фітнес новага пакалення – X Body, пякарня (Танэ), стрыт фуд у сярэдзіне старажытных вінных бочак…

Але душа „Карханы”, як яшчэ называюць „Вінзавод №1” – гэта велізарнае  старажытнае віннае сховішча, у якім больш за 100 гадоў знаходзіліся віны і каньякі з калекцыі Напалеона і Сталіна.

Вінзавод адкрыты круглы год і гатовы прымаць сваіх гасцей штодзень з 12:00 дня да 1:00 ночы.

Спадзяюся, што я яшчэ шмат разоў наведаю гэтае месца, і пабываю на розных мерапрыемствах тут,  на „Вінзаводзе №1”.

Сяргей Апановіч, Тбілісі