Названы склад моладзевай зборнай Беларусі на матчы адбору да Еўра-2025
Галоўны трэнер Сяргей Ясінскі вызначыўся са спісам гульцоў, выкліканых на вераснёўскія матчы кваліфікацыі моладзевага чэмпіянату Еўропы УЕФА (U-21) 2025 года супраць Фарэрскіх астравоў і Партугаліі. Хатнія матчы пройдуць у сталіцы Арменіі. Паядынкі супраць Фарэрскіх астравоў і Партугаліі адбудуцца 7-га і 12-га верасня адпаведна ў Ерэване на стадыёне „Армавір”. Абодва матчы пачнуцца ў 16:30 па менскім часе. Збор каманды U-21 працягнецца з 3-га па 14-га верасня.
У канчатковым складзе моладзевай каманды 23 футбалісты. На збор не паедуць траўмаваныя Ягор Карпіцкі, Уладзіслаў Ложкін, Арцём Шуманскі і Фёдар Лапавухаў.
Эстонскія рэферы будуць судзіць матч БАТЭ і „Балкані” ў Лізе канферэнцый
Футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць паядынак у адказ за выхад у групавы этап Лігі канферэнцый з косаўскім „Балкані”. Сённяшнюю сустрэчу ў венгерскім Мезеквешдзе рассудзіць эстонская брыгада арбітраў на чале з Юрыем Фрышарам. Тыдзень таму ў Прышціне барысаўчане пацярпелі буйную паразу з лікам 1:4 і таму прабіцца ў групавую стадыю трэцяга па рангу кантынентальнага турніру ім будзе вельмі складана. Абедзве каманды пачыналі сёлетні еўракубкавы сезон з кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
Раналду пабіў сусветны рэкорд па галах у нацыянальных чэмпіянатах
Крышціяну Раналду вызначыўся дублем у матчы 4-га тура чэмпіянату Саўдаўскай Аравіі супраць «Аль-Шабаба» 4:0. Гэтыя два мячы сталі яго 516-м і 517-м галамі ў нацыянальных чэмпіянатах.
Такім чынам партугалец абышоў Ёзэфа Біцана і Ферэнца Пушкаша, у якіх было па 515 галоў, і стаў новым сусветным рэкардсменам па колькасці мячоў у нацыянальных лігах. Нагадаю, да пераходу ў «Аль-Наср» Раналду забіваў у чэмпіянатах Партугаліі, Англіі, Іспаніі і Італіі.
У Ліянэля Месі зараз 496 галоў. Некалькі дзён таму аргенцінец забіў у сваім першым дэбютным матчы МЛС, але гэта не нацыянальны чэмпіянат – у ім выступаюць каманды з ЗША і Канады.
Сербкі і турчанкі выйшлі ў паўфінал жаночага чэмпіянату Еўропы па валейболе
На 33-м чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод жаночых каманд сталі вядомы ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. У заключным чвэрцьфінальным матчы віцэ-чэмпіёнкі кантынента валейбалісткі зборнай Сербіі абыгралі каманду Чэхіі 3:1. Заўтра ў паўфінале сербкі згуляюць у Брусэлі з камандай Нідэрландаў, якая перамагла балгарак з сухім лікам 3:0. У другім паядынку за выхад у фінал дзеючыя чэмпіёнкі Еўропы валейбалісткі Італіі будуць супернічаць з камандай Турцыі. У чвэрцьфінале італьянкі разграмілі францужанак, а турчанкі былі мацней за польскую зборную – 3:0. Паўфінальныя баталіі пройдуць 1 верасня ў Брусэлі, іх пераможцы 3 верасня паспрачаюцца за чэмпіёнскі тытул, а няўдачнікі згуляюць за бронзу кантынентальнага першынства.
Беларускае Радыё Рацыя
