Ян Роман: Палітвязням не даюць патрэбныя лекі



Сітуацыя польскай меншасці ў Беларусі застаецца складанай. Да ранейшых праблем, звязаных са знішчэннем адукацыі на польскай мове, дадаецца пераслед уладамі касцёла і каталіцкіх святароў. Пра гэта, а таксама пра навіны ад палітвязня Анджэя Пачобута, расказаў наш сённяшні госць Ян Роман:

— Хіба нічога пакуль не змянілася. Анджэй у памяшканні камернага тыпу, гэта значыць, што яго ізалявалі ад астатніх асуджаных, што ў Наваполацкай калоніі, за тое, што ён парушыў рэжым. Папраўдзе, у адносінах палітвязняў, гэта вядомы метад, які стала карыстаюць. Анджэй не першы, і не апошні. Але Анджэй мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, даходзіць інфармацыя, што яму не даюць патрэбныя лекі — гэта стасуецца многіх палітычных вязняў. Гэты метад напэўна застаўся з часоў савецкага саюзу. Нам увогуле невядома, што робяць з Анджэем, іншымі палітвязнямі, але досыць таго, што Анджэй прыехаў у Наваполацкую калонію і трапіў адразу праз некалькі дзён у карантын, на 30 дзён у штрафны ізалятар — гэта тры разы па дзесяць, максімальны тэрмін, які яму мог быць абвешчаны, і ён яго атрымаў, і пасля гэтага, яго пераводзяць у памяшканне камернага тыпу. Гэта сведчыць пра прадузятае стаўленне да Анджэя, і такім чынам, яны, напэўна, хочуць зламаць і адпомсціць яму за тую цвёрдасць, якую ён паказвае беларускім уладам, беларускаму рэжыму.

РР: За Анджэя Пачобута выступае цэлая дзяржава — Польшча. На самым высокім роўні: і палітыкі, і ўрад, і прэзідэнт. Ёсць намаганні вызваліць Анджэя Пачобута, нават няяўныя, пра якія не гавораць грамадству. Аднак, улады ў Менску не ідуць на гэта, хоць маглі б, мабыць, узамен атрымаць нейкія палёгкі. Чаму Анджэй за кратамі, не зважаючы на тое, што ўся Польшча дамагаецца ягонага вызвалення?

— Я не ведаю якія ўмовы ставіць Лукашэнка для вызвалення Анджэя Пачобута. І з той інфармацыі, што даходзіць, улады спрабавалі прымусіць Анджэя напісаць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі. Ясна, што ён гэта рабіць не будзе, бо ён уважае, што ён не вінаваты, і не толькі ён, а ўсё адэкватнае грамадства. Тыя абвінавачанні, што супраць яго высунутыя, нічым не абгрунтавалі, гэта сведчыць судовы працэс, які быў закрыты. І ніхто не можа зрабіць высновы, чым аргументавалі абвінавачанні пракурор, суддзя. З таго, што вядома, нічога няма. Калі браць артыкулы з польскай прэсы, гістарычныя артыкулы кожны ведае, і ў прынцыпе, беларускія ўлады ведаюць, што Армія Краёва існавала, і Беларусь не ёсць спадкаемцай савецкага саюзу. Проста яны дамагаюцца ад Анджэя немажлівага — каб ён прызнаў сябе вінаватым, напісаўшы прашэнне да Лукашэнкі. Ясна, што ён гэтага рабіць не будзе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя