Беларускі інстытут тэатра рыхтуецца да рэгістрацыі ў Еўропе
Ініцыятары стварэння Беларускага інстытута тэатра правялі анлайн-сустрэчу з прадстаўніцай Міжнароднай сеткі сучаснага перфарматыўнага мастацтва (IETM). Маргарыта Пецці пацвердзіла гатоўнасць сеткі спрыяць з’яўленню Беларускага інстытута тэатра на тэрыторыі Еўропы:
— І наш адказ: так, мы будзем радыя бачыць вашую арганізацыю ў нашых шэрагах. Мы таксама адкрытыя для розных імпрэзаў нават па-за сяброўствам у нашай арганізацыі, напрыклад, супольных імпрэзах. У наш склад уваходзяць пяць інстытутаў тэатра з розных краінаў, і ўступленне ў нашыя шэрагі, дазволіла б беларускаму інстытуту тэатра пазнаёміцца бліжэй з інстытутам тэатра, што нагадваюць структурай саму беларускую арганізацыю.
Анлайн-сустрэча прайшла ў межах серыі штотыднёвых мітапаў падрыхтоўкі да канферэнцыі па стварэнні Беларускага інстытута тэатра ў Еўропе. Акрамя патэнцыйных партнёраў былі абмеркаваны праблемы беларускіх акцёраў, якія як выехалі з Беларусі, так і засталіся ўнутры краіны.