У Варшаве адбылася прэм’ера рэпартажу „Гітара і аўтаматы”
У Варшаве адбылася прэм’ера рэпартажу „Гітара і аўтаматы” пра паездку ў Полк Каліноўскага лідара гурта “N.R.M.” Піта Паўлава. У фільме паказаныя канцэрт музыкі для ваяроў, размовы артыста з дабраахвотнікамі і ягонае ўспрыманне ваеннай рэчаіснасці.
Таксама падчас імпрэзы ў Музеі Вольнай Беларусі прайшла дыскусія пра сітуацыю ва Украіне і патрэбы беларускіх абаронцаў. Завяршылася мерапрыемтва акустычным выступам Піта Паўлава.
Пра важнасць падзеі распавядае рэжысёр і аўтар рэпартажу “Гітара і аўтаматы”, журналіст “Белсату” Сяргей Пялеса:
— Гэты паказ быў, у пэўным сэнсе, тэстам. Такая фокус-група. Мне было цікава паглядзець, як людзі адрэагуюць, ці прыйдуць яны, ці цікава ім гэта. Бо ёсць стомленасць ад вайны. Нашая мэта была, каб прыцягнуць увагу да праблемы, што ёсць: беларусы працяглы час ваююць, гінуць за Украіну. І ім патрэбная дапамога ад беларусаў.
Пашыраная прэм’ера рэпартажу “Гітара і аўтаматы” плануецца 8 верасня: відэа пакажуць на канале “Белсат”, таксама яно з’явіцца ў YouTube.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя