Пра што не распавядуць беларускім першакласнікам



Вялікая карціна пачынаецца з маленькай дэталі. Вядома, у падкантрольных лукашыстам школах не распавядуць, што 1-га верасня 1939 году беларусы ўступілі ў вайну з нацыстамі.

Памятаю гісторыю майго аднакласніка, у якога частка сям’і родам з Заходняй Беларусі. Пасля вайны ім у вёску ў Белавежскай пушчы прыслалі настаўніцу расейскай мовы з… глыбінь Расеі.

Настаўніца была яшчэ і класнай кіраўнічкай, і зайшла пазнаёміцца з сям’ёй вучня. Убачыла на сцяне партрэт дзеда майго школьнага сябра, жахнулася, і пабегла «стучаць» у органы.

А ўсіх справаў было, што гаспадар на здымку быў надзеты ў польскую вайсковую форму. То бок, «нярускую».

Калісьці мы з бардам, пісьменнікам і радыёрэпарцёрам Змітром Бартосікам паехалі на Мядзельшчыну, адкуль родам сям’я Скуркаў. Скурко – сапраўднае прозвішча, а Танк – псеўданім.

Толькі ўязджаем у родную вёску Максіма Танка Пількаўшчыну, я бачу на градах фігуру жанчыны сталага веку. Кажу: «Зміцер – гэта дакладна наша гераіня». Зміцер: «Ды не можа быць – столькі гадоў мінула!»

Я не памыліўся, кабета ў падлеткавым узросце троху батрачыла на заможную сям’ю Скуркаў. Дапамагала хаваць ад паліцыі будучага камуністычнага дзеяча Максіма Танка.

Мы добра паразмаўлялі і на развітанне я задаў класічнае пытанне менчука да сталых людзей з Заходняй Беларусі: «За кім было лепш – за палякамі ці за саветамі?»

Якое пытанне – такі адказ. «За саветамі, канешне, было лепш!» – Сказала мне кабета. – «За палякамі мы толькі працавалі, а за саветамі ў мяне ўнукі ў горадзе маюць кватэры і машыны».

Такая вось наіўная логіка.

Я не ведаю, што Максім Танк чэрпаў з бальшавіцкай ідэалогіі, але для свайго жыцця ён перамог. Ён стаўся членам ЦК КПБ. Гэта цяжка патлумачыць сучаснымі рэаліямі, калі каротка, ён наблізіўся да вяршыняў улады ў БССР.

Але гэтае карасканне па партыйнай лініі зрабіла вялікую шкоду ўласна беларусам. Бо сучасны лукашызм спалучае бальшавізм і фашызм. Класічны фашызм, прапісаны ў школьных падручніках.

Для людзей, блізкіх да ЦК КПБ было важна, каб разумовыя здольнасці падначаленага насельніцтва заставаліся на ўзроўні той кабеты з радзімы Максіма Танка. Каб чотка кіраваць, трэба мець наіўных выканаўцаў.

1-е верасня 2023 году ў Беларусі – гэта чарговы віток барацьбы разумных з подлымі.

Я веру ў беларускіх дзяцей. Я сам вырваўся з ганебнай савецкай сістэмы, веру, што і гэтая генерацыя прарве ланцуг псіхалагічнага рабства, якое ўлада спрабуе навесіць на сучасных грамадзянаў Беларусі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя