Агляд прэсы: крок насустрач
Мужчынам мігрантам, якія будуць прасіць прытулак у Бельгіі, давядзецца самім шукаць жыллё. Грэцыя і Індыя зрабілі крок насустрач адзін аднаму. У Лондане пашырылася «экалагічная» зона — цяпер яна будзе займаць усю тэрыторыю горада. Трагедыя ў Італіі: цягнік урэзаўся ў групу работнікаў чыгункі. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
Дзяржаўны сакратар Бельгіі па пытаннях міграцыі Ніколь Дэ Моар заявіла аб тым, што адзінокіх мужчын, якія шукаюць прыстанішча ў Бельгіі, больш не будуць засяляць у дзяржаўныя інтэрнаты для просьбітаў прытулку, каб рэдкія месцы ў іх даставаліся сем’ям з дзецьмі. Замест гэтага, як заявіла Дэ Моар, мужчынам давядзецца самім шукаць сабе жыллё — ці ж звяртацца ў прытулкі для бяздомных.
Спрабуючы вырашыць праблему, урад толькі стварае новую, — такую крытыку выказвае Le Soir: «Усе ўжо стаміліся лічыць, колькі рашэнняў вынеслі суды супраць бельгійскай дзяржавы з-за невыканання ім сваіх абавязкаў. Прынятае ў аўторак афіцыйнае рашэнне ўрада не выконваць узятыя на сябе абавязацельствы — гэта яшчэ адзін крок да зневажання законаў.»
У пятніцу прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі наведаў Афіны, дзе ён сустрэўся са сваім грэчаскім калегам Кірыякасам Міцатакісам. Гэта першы візіт кіраўніка ўрада Індыі ў Грэцыю за апошнія 40 гадоў. Абедзве краіны маюць намер умацоўваць адносіны ў такіх сферах, як абарона, бяспека, інфраструктура, сельская гаспадарка, адукацыя і тэхналогіі. Таксама ставіцца мэта да 2030 года падвоіць аб’ём узаемнага гандлю.
Газета Le Monde diplomatique адзначае: «Візіт прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў Грэцыю — гэта магчымасць прааналізаваць становішча Індыі ў свеце і перш за ўсё — яе адносіны з Еўразвязам. Ад таго, які курс абярэ Індыя, будзе шмат у чым залежаць здольнасць Еўразвяза дасягаць сваіх глабальных эканамічных, палітычных і кліматычных мэтаў. Сёння Індыя ўжо пятая эканоміка свету, у найбліжэйшае дзесяцігоддзе яна абгоніць Германію і Японію і выйдзе на трэцяе месца пасля ЗША і Кітая. Індыя — крытычна важны партнёр для дасягнення шэрагу стратэгічных прыярытэтаў Еўропы.»
Існуючая ў брытанскай сталіцы зона, у якой дзейнічае правіла аб звышнізкім узроўні аўтамабільных выкідаў, зараз пашырана на ўсю тэрыторыю горада. Уладальнікам, якія не адпавядаюць нормам выкідаў, зараз у выпадку карыстання аўтамабілям давядзецца плаціць у дзень суму, эквівалентную каля 14,50 еўра. Мэр ад лейбарыстаў Садзік Хан прыняў гэтую пастанову, нягледзячы на гучныя пратэсты.
Кожны, каму важнае здароўе людзей, павінен пагадзіцца з новаўвядзенням, — лічыць The Guardian: «Забруджванне паветра ў Лондане штогод становіцца прычынай прыблізна чатырох тысяч заўчасных смерцяў. Забруджванне паветра найболей моцна шкодзіць сем’ям з нізкімі прыбыткамі — менавіта такія людзі пражываюць у кватэрах, размешчаных каля самых ажыўленых трас, пры гэтым самі, яны, як правіла, не маюць аўтамабіля. Тое, што мэр горада Садзік Хан не паддаўся ціску і не стаў адкладаць увядзенне гэтай меры або аслабляць яе, трэба паставіць яму ў заслугу.»
У ноч на чацвер у Італіі на чыгуначным адрэзку паміж Міланам і Турынам адбылася трагедыя: цягнік, які рухаўся без пасажыраў, урэзаўся ў групу працоўных, якія праводзілі на чыгунцы прафілактычныя працы. Пяць чалавек загінулі, некалькі чалавек цяжка паранены і знаходзяцца ў бальніцы.
На думку La Repubblica, доля віны тут ляжыць на тых, хто ў свой час настойваў на лібералізацыі. «Чарговае забойства працоўных, нанятых у рамках падраду, тэндэр які не прадугледжваў эфектыўнага каардынавання і прафілактыкі асноўнай рызыкі для жыцця рамонтнікаў, якія працуюць на шляхах у начны час, а менавіта — рызыкі трапіць пад колы цягніка, машыніст якога і не падазрае, што на пуцях вядуцца прафілактычныя работы. Калі падрады і субпадрады падвяргаюцца дзікай лібералізацыі і ўсе выдаткі на бяспеку, як той казаў, «аптымізуюцца», то тады тыя, хто гучней усіх выступаў за лібералізацыю, і павінны адказваць за жыццё работнікаў.»
Беларускае Радыё Рацыя