З архіва Музея памяці Сібіры: Граматы з Ленінам і Сталінам для дзяцей
Музей памяці Сібіры ў Беластоку карпатліва збірае дакументы жыхароў Падляшша, сваякі якіх былі высланыя ў Сібір. Сярод экспанатаў – тыповыя граматы аб савецкай адукацыі, якія дзеці сасланых у Сібір, атрымлівалі ў мясцовых школах.
З экспанатамі знаёміць кіраўнік аддзелу культурніцкіх праектаў музею Пётр Паплаўскі:
– Дзеці мелі абавязак наведваць савецкія школы з самага пачатку прыезду ў ссылку ў Сібір, на „нялюдскія” землі. Іх бацькі і дзеці старэйшага ўзросту ўжо працавалі. Але ўсё ж быў абавязак у СССР усеагульнай школьнай адукацыі, па выніках якой і выдаваліся такія граматы і пасведчанні. Такія дакументы мелі важнае значэнне для дзяцей. Па-першае, яны паказвалі, што школьны абавязак выкананы. У таталітарным грамадстве СССР невыкананне такога абавязку пагражала рэпрэсіямі як бацькам, так і дзецям. Так што такія дакумента наўпрост ратавалі жыццё. Па-другое, такія дакументы наўпрост пацвярджалі канкрэтныя ўменні і веды, якія прыдаваліся ў далейшай працы.
Па словах даследчыка, такія школьныя граматы РСФСР былі адначасова і элементамі дзяржаўнай савецкай прапаганды, якая пераважала ў школьнай праграме школ і дзіцячых дамоў Сібіры для дзяцей рэпрэсаваных.
Беларускае Радыё Рацыя