ЗША збіраюцца перадаць Украіне боепрыпасы са збедненым уранам
ЗША ўпершыню перададуць Украіне боепрыпасы са збедненым уранам. Іх уключаць у новы пакет вайсковай дапамогі, піша агенцтва Reutersё. Гэтыя снарады, паводле разлікаў, мусяць дапамагчы ў знішчэнні расейскай бранятэхнікі.
Гаворка ідзе пра боепрыпасы для амерыканскіх танкаў Abrams. Такія снарады здольныя лёгка прабіваць бранявую абарону, таму галоўнае іх прызначэнне – акурат знішчэнне танкаў.
31 жніўня выданне Politico паведаміла, што першыя 10 з абяцанага 31 танка Abrams Кіеў атрымае ў сярэдзіне верасня. Група ўкраінскіх вайскоўцаў ужо завяршыла праграму падрыхтоўкі на гэтай тэхніцы.
Інфармацыю пра тое, што ЗША плануюць паставіць Украіне боепрыпасы са збедненым уранам, агенцтву Reuters пацвердзілі два чыноўнікі. Афіцыйных каментароў ад Белага дома яшчэ не было.
Reuters адзначае, што гэты крок Вашынгтона выкліча спрэчкі, як гэта было з рашэннем даць Украіне касетныя бомбы. Да таго ж супраць ужывання боепрыпасаў са збедненым уранам выступаюць антыядзерныя актывісты. Яны кажуць, што ўдыханне або праглынанне пылу, які ўтвараецца пасля выбуху, небяспечнае для здароўя.
Раней боепрыпасы са збедненым уранам Украіне ўжо перадала Вялікабрытанія.