Агляд тыдня



Пачнем з чарговага ганьбішча лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

Цытую паводле выданняў «Новы час» і «Еўрарадыё».

«Вагнераўцы» зладзілі мемарыял Прыгожыну і нацысту Уткіну каля Вечнага агню ў Менску». Ад сябе дадам, што бандыту Прыгожыну і бандыту Уткіну. Хоць нацысцкія наколкі Уткіна ў гэтай гісторыі самае галоўнае.

Мемарыял, які арганізавалі двое «вагнераўцаў», складаецца з фота загінулых у авіякатастрофе заснавальніка групоўкі Яўгена Прыгожына і аднаго з вышэйшых камандзіраў Дзмітрыя Уткіна, а таксама раздрукаванага лагатыпа вайсковай кампаніі. «Ніхто не забыты, нішто не забыта! Нават у пекле яны будуць лепшымі!», – дадае тэлеграм-канал вайсковай групоўкі.

«Еўрарадыё» звярнула ўвагу, што з’яўленне «мемарыяла» ужо пракаментаваў прапагандыст з пула Лукашэнкі Ігар Тур. Фатаграфіі Прыгожына і Уткіна каля Вечнага агню на плошчы Перамогі ён назваў «вельмі лішнімі». Шмат разоў. Гэта «вельмі лішняе. Вельмі. Вельмі моцна лішняе. Вельмі», – засмуціўся Тур.

Прапагандыст Тур мае рацыю, бо рабіць памінальны аб’ект для нацыста побач з савецкім памінальным аб’ектам – гэта абсурд, які заўважаць нават самыя непрытомныя прыхільнікі Лукашэнкі.

____________________

Сама гібель Прыгожына і ягонага паплечніка па злачынствах Уткіна, вядомага па мянушцы «Вагнер» – гэта наўпроставы намёк Лукашэнку.

Прыгожын з падначаленымі загінуў у авіякатастрофе 23 жніўня. Тэма будзе актуальнай яшчэ шмат часу. Асабліва варта задумацца Лукашэнку, які апошнія тры гады практычна не вылазіць з Расеі. І фактычна ездзіць да Пуціна як на працу.

Фактаў на руках пакуль мала, але мала хто з аналітыкаў сумняецца, што Пуцін адпомсціў Прыгожыну за бунт. Так вось банальна, без «навічкоў» ды іншых складанасцяў – узяў, і збіў самалёт.

У дыктатараў няма часу. Калі б Пуцін пачаў сваю антыўкраінскую авантуру ў адносна маладым узросце, меў бы запасныя хады. А цяпер што Пуцін, што Лукашэнка, у сілу ўзросту не могуць сабе дазволіць доўгія гульні.

Варта прыгадаць факт са школьнага курсу гісторыі – персаналісцкія дыктатарскія рэжымы бурацца разам са смерцю дыктатара.

_____________________

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі 2 верасня абвергнуў заявы лукашэнкаўскага боку пра парушэнне паветранай прасторы Беларусі польскімі вайсковымі верталётамі.

«Час ад часу мы сутыкаемся з правакацыямі рознага роду з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым выпадку мы таксама маем справу з правакацыяй», – цытуе чыноўніка польскае інфармагенцтва PAP.

Крэмль выкарыстоўвае Лукашэнку для напругі на ўсходніх межах NATO.

А Польшча традыцыйна не займаецца за сваёй усходняй мяжой дыпламатычнымі гульнямі. У самой Польшчы грамадства не надта ўстрывожанае пабрэхваннем з боку лукашыстаў. Ці добры такі падыход, ці занадта самазаспакаяльны?

Лепш рыхтавацца да горшага – да адкрытага нападу з боку Расеі, магчыма, рукамі лукашыстаў у пагонах.

_______________________

У прынцыпе заўважна як хутка дэградуе ідэалогія рэжыму Лукашэнкі. У раёне плошчы Якуба Коласа ў Менску ганак перад уваходам ва ўстанову пафарбавалі ў чырвона-зялёныя колеры. То бок, наведнікі літаральна топчуцца па афіцыйным сцягу Лукашэнкі.

І як вішанька на торце такая інфармацыя ад афіцыйных медыяў: «Беларускія навукоўцы збіраюцца распрацоўваць вакцыну ад алкагалізму. Гендырэктар прадпрыемства «БелВітуніфарм» Сяргей Бальшакоў запэўніў, што прэпарат дазволіць не псаваць якасць жыцця ў тых, хто ўжывае спіртное».

Усім вядома, што алкаголь – гэта атрута. І зразумела, што атрута бясшкодна для арганізму ўжывацца не можа.

Асабіста мне падаецца, што чынавенства выконвае абсурдны загад свайго начальніка Лукашэнкі.

_______________________________

Памятаем пра палітычных зняволеных, вымушаных эмігрантаў ды іх сем’і!

Падтрымліваем адзін аднаго!

Жыве наша вера!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя