Вайна ва Украіне: Пуцін больш за ўсё баіцца страціць Крым
557-ы дзень вайны. Больш за ўсё Пуцін баіцца страціць Крым. Пра гэта кажа экс-амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол. Паводле яго слоў, перанос баявых дзеянняў на паўвостраў і яго далейшая страта стане пагрозлівым наступствам для расейскага рэжыму. Цытата: „Гэта падарвала б у Расеі легітымнасць яго вайны. Мы не бачым смельчака, які кідае выклік Захаду – бачым баязліўца, які баіцца Захаду. Да нас павінна дайсці, што Пуціна баяцца не варта і што можна смела кідаць яму выклік і ў рэшце рэшт праганяць яго”.
Між тым, брытанская выведка назвала сумы, якія Масква прапануе наймітам за ўдзел у вайне супраць Украіны. Паводле выведнікаў, актывізацыяй пошукаў добраахвотнікаў Пуцін жадае пазбегнуць непажаданых хваляванняў перад выбарамі 2024 года.
У канцы чэрвеня, паводле брытанскай выведкі, Расея актывізавала пошукі добраахвотнікаў на вайну супраць Украіны сярод грамадзян суседніх дзяржаў. Праз анлайн-абвесткі людзей шукалі, у прыватнасці, у Арменіі і Казахстане.
Грамадзянам гэтых дзяржаў прапаноўвалі 5140 даляраў «пад’ёмных» з наступнай штомесячнай заработнай платай памерам амаль у 2000 даляраў. Пры гэтым сумы б выплачваліся ў расейскіх рублях, адпаведна, даляравы эквівалент мог бы істотна ўпасці ў выпадку падзення рубля на біржах.
Акрамя таго, у канцы траўня Расея стала заахвочваць да ўдзелу ў вайне грамадзян краін Азіі, якія жывуць і працуюць у Расеі, абяцаючы ім паскарэнне працэдуры атрымання грамадзянства і заробкі ў 4160 даляраў. У Расеі, як паведамляе брытанская выведка, цяпер жыве каля 6 мільёнаў мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. Грамадзяне Узбекістану, якія пагадзіліся працаваць на адбудове разбітага расейскімі войскамі ўкраінскага Марыўпаля, пазбавіліся сваіх пашпартоў. Пасля прыбыцця ў акупаваны ўкраінскі горад, ва ўзбекаў забралі пашпарты, сведчаць дадзеныя выведкі. Людзей замест працы на будоўлі накіравалі ў вайсковыя злучэнні.
Беларускае Радыё Рацыя