Украіна пераможа ў будучым ці пазанаступным годзе



557-ы дзень вайны. Украіна можа перамагчы Расею ў 2024 ці 2025 годзе, лічыць брытанскі генерал у адстаўцы Рычард Бэрранс. У каментары выданню Financial Times ён падкрэсліў, што для перамогі саюзнікі павінныя нарасціць вытворчасць зброі і забяспечыць Украіну ўсім, што неабходна для перамогі.

Цытата са словаў генерала: „Цяперашняе контрнаступленне Украіны не адкіне Расею, гэтага ніхто і не чакаў. Наўрад ці можна перамагчы да наступлення зімы. Аднак яно паказала, што расейскую армію можна адолець… Расейскія сілы расцягнутыя, зняможаныя, ім не хапае рэзерваў, але калі яны проста не здадуцца, гэта ўсё роўна будзе доўгі шлях”. 

Тым часам, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька правёў прамы эфір з дарадцам кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком. Па словах апошняга, сур’ёзна да Лукашэнкі ва Украіне ніхто не ставіцца ні на адным з узроўняў улады. “Мы не бачым у яго перспектываў з пункту гледжання палітыка, які нешта можа прапанаваць Беларусі. Ён трымае Беларусь у закладніках – гэта несумненна, асабліва пасля 2020 года», – сказаў Падаляк. Ён згадаў, што прэзідэнт Зяленскі наўпрост кажа аб тым, што пасля падзення расейскага рэжыму ў Беларусі пачнецца эпоха палітычнай трансфармацыі.

Беларускае Радыё Рацыя