У Вільні адзначылі Дні сталіцы
У Літве тры дні, з 1 па 3 верасня, адзначалі Дні сталіцы – Вільні. Гэтае свята лічыцца адной з самых яркіх падзеяў горада.
Падчас свята ладзілася шмат розных імпрэзаў, а таксама канцэрты, у якіх выступілі Jautì, Brainstorm, Sisters on Wire, Lola Marsh, Linas Adomaitis з групай і хорам ды іншыя выканаўцы, у тым ліку замежныя. На Кафедральнай плошчы быў арганізаваны вялікі кніжны кірмаш, дзе можна было набыць кнігу нават за 1 еўра.
А вось ад праспекта Гедыміна да Лукішскай плошчы ладзілася, пэўна, самае запамінальнае і карыснае – кірмаш, які падзяляўся на чатыры зоны.
Ад Кафедральнай плошчы да плошчы Кудзіркі была вуліца мастацтва і музыкі з выставамі карцін, вырабаў керамікі, са шкла, скуры ды іншае. Усё, канешне, можна было набыць, вядома, кошты на дызайнерскія рэчы былі высокія. Але калі іх набываеш, то разумееш, што купляеш эксклюзіў. Напрыклад, скураныя заплечнікі і сумкі ад майстроў каштавалі па 350 еўра.
Плошча Кудзіркі, адрэзак праспекта ад вуліцы Ягайлы да Якшта былі зонай стылю. Там можна было набыць модныя і стылёвыя рэчы, адзенне, абутак, упрыгожванні, а дапамагалі пакупнікам з выбарам дызайнеры і стылісты.
Самым прыцягальным па паху і смаку быў, канешне, адрэзак ад вуліцы Якшта да Лукішскай плошчы. Чаго там толькі не было! І смачная вэнджаная рыба, мясныя стравы, прысмакі, выпечка, сыры, вегетарыянская і веганская ежа, хатні квас ды іншае. У гэтай зоне можна было паесці і гарачых страваў, прыгатаваных на вачах спажыўцоў.
А праз некаторы час пасля наведвання гэтай зоны можна было і заняцца спортам або паглядзець, як гэта робяць іншыя. Спартовая прастора доўжылася ад Лукішскай плошчы да Белага маста.
Па вечарах, бліжэй да поўначы, ля Белага маста яшчэ можна было назіраць чатыры разы на дзень па 15 хвілін лазернае шоў.
Ужо другі год запар улады Вільні аддаюць перавагу лазернаму шоў замест феерверкаў, і гэта яскравае відовішча. 70 лазераў асвятлялі ноч над Нярысам (Віліяй) у “Дні сталіцы”, дэманструючы жыхарам і гасцям горада, якім будзе “Будучая Вільня”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня