Беларусь увайшла ў першую пяцёрку сусветных экспарцёраў сыру
У міжнародным рэйтынгу экспарцёраў сыру Беларусь у мінулым годзе заняла чацвёртае месца пасля Новай Зеландыі, Еўразвязу і ЗША. Пра гэта ў эфіры СТВ расказала прадстаўніка Мінсельгасхарча Марыя Клімава, піша Office Life.
У мінулым годзе вытворчасць усіх відаў сыру ў краіне склала больш за 303 тысячы тон. Гэта прыкладна каля аднаго працэнта сусветнага аб’ёму вытворчасці, паведаміла спецыяліст. На Беларусь прыпадае больш як 6,7 працэнта сусветнага экспарту гэтай прадукцыі.
Доля экспарту сыру ў агульным аб’ёме вытворчасці – 85%. На ўнутраным рынку, паводле статыстыкі, спажываецца каля 7 кг сыру на аднаго чалавека за год. А вырабляецца амаль 30 кг прадукту на аднаго жыхара краіны.
Растуць плацяжы з выкарыстаннем біяметрычных дадзеных
Гэта адзін з сусветных трэндаў. Біяметрыя заваёўвае папулярнасць і ў сектары фінансавых паслуг як альтэрнатыва пароляў і PIN-кодаў. Мяркуецца, што доля плацяжоў з выкарыстаннем новых тэхналогій да наступнага года дасягне 60 працэнтаў. Гэтыя тэхналогіі паступова атрымліваюць развіццё і ў Беларусі. Пра гэта ў сваім артыкуле распавядае выданне “Беларусы і рынак”.
У Нацыянальным банку ўжо пратэставалі біяметрычныя плацяжы. Пілотны праект рэалізавалі ў сталовых і буфеце цэнтральнага апарата рэгулятара, дзе можна было разлічыцца… “тварам”. А ў мабільным дадатку “РРБ Банка” даступна біяметрычнае пацвярджэнне плацежных аперацый з дапамогай адбітка пальца або распазнавання асобы. Чалавеку не трэба кожны раз чакаць sms-код ці ўспамінаць пароль пры здзяйсненні плацяжу.
Для поўнавартаснага ўкаранення біяметрыі неабходны ўдзел органаў-рэгулятараў. Нацбанк Беларусі цяпер “шліфуе” заканадаўства, каб улічыць розныя нюансы.
“Расатам” хоча будаваць у Беларусі другую АЭС
Пра гэта на “Фестывалі навукі” ў Менску расказаў дырэктар беларускага офіса расійскай дзяржкарпарацыі. “У Беларусі разглядаецца магчымасць будаўніцтва другой АЭС. Мы заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі, — сказаў ён. — Калі беларускія партнёры захочуць будаваць другую атамную электрастанцыю, улічваючы нашы кааперацыйныя сувязі і сінэргію, мы гатовыя ўдзельнічаць”.
“Расатам” займаўся будаўніцтвам першай беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Узвядзенне станцыі суправаджалася скандаламі. У мінулым годзе рэактар быў заглушаны на шэсць месяцаў замест запланаваных двух.
Акрамя другой АЭС, „Расатам” нацэльваецца на будаўніцтва ў Беларусі даследчага рэактара. Канчатковае рашэнне аб рэалізацыі гэтага праекту будзе прынятае пасля перамоў з Акадэміяй навук і ўладамі.
У планах уладаў – 14 новых буйных свінакомплексаў
Пра гэта па выніках свінагадоўчай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ.
“У гэтым кірунку будзе адпрацаваная праграма, і будзем будаваць у краіне каля 14 буйных комплексаў. Акрамя таго, неабходна канчаткова вывучыць пытанні рэканструкцыі наяўных комплексаў”, – сказаў чыноўнік, словы якога перадае БелТА. Барташ дадаў, што для аднаўлення аб’ёмаў вытворчасці свініны неабходна замяніць малыя “нетэхналагічныя” комплексы, якія сёння ўжо не могуць забяспечваць патрэбны ўзровень вытворчасці.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: probelarus.by.