У бізнесоўца Паўла Падкарытава адбіраюць сядзібу ў Падароску



У бізнесоўца Паўла Падкарытава адбіраюць сядзібу ў Падароску. Тут ён планаваў адкрыць музей шляхты, гасцініцу, кавярню і сувенірную краму.

Ваўкавыскі раённы суд пастанавіў скасаваць дамову 2013 года, па якой Падкарытаў набыў маёнтак. Прычына — „праз невыкананне ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот”, — піша сам уласнік у Фэйсбуку.

Падкарытаў плануе абскардзіць прысуд, бо справу павінен разглядаць Эканамічны суд у Гародні — пасяджэнне пройдзе 14 верасня.

Бізнесовец сцвярджае, што тэрмін па справе даўніны прапушчаны, а аб’ект увялі ў абарот яшчэ ў 2014 годзе: да сёння тут ладзілі экскурсіі для турыстаў.