Даследчык старажытных беларускіх гарадоў



4 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага вучонага-археолага, даследчыка старажытных беларускіх гарадоў, гісторыка Яраслава Звяругі (1928-2011).

Яраслаў Звяруга нарадзіўся 4 верасня 1928 года ў Мядзеле ў працавітай і паважанай сям’і. Дзяцінства і ранняе юнацтва яго прайшлі ў пераломныя і драматычныя перадваенныя і ваенныя гады. Затым было Пастаўскае педвучылішча, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і праца на ніве народнай адукацыі — настаўнікам, дырэктарам Сваткаўскай школы, загадчыкам Мядзельскага раённага аддзела адуацыі.

У 1964 годзе шчаслівы лёс звёў дапытлівага мядзельца з археалогіяй. І менавіта ў археалагічнай навуцы Яраслаў Звяруга праявіў свае лепшыя інтэлектуальныя якасці, напоўніцу рэалізаваў сябе як творчая асоба. Скончыўшы аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, працаваў у гэтай установе навуковым супрацоўнікам да выхаду на пенсію. Аб’ектам яго даследаванняў сталі жалезны век і сярэднявечча Беларускага Панямоння, уключна з Павіллем і, зразумела, тэрыторыяй Мядзельшчыны. За чатыры дзесяцігоддзі напружанай працы навуковец выявіў і абследаваў сотні помнікаў беларускай старасветчыны. Ён праводзіў раскопкі ў старажытных беларускіх гарадах — Ваўкавыску, Гародні, Слоніме, Лідзе і іншых, а таксама на дзясятках селішчаў і курганных мо­гільнікаў. Вынікі гэтых археалагічных работ знайшлі ўвасабленне у вялікай колькасці навуковых і навукова-папулярных артыкулах, а таксама ў трох грунтоўных манаграфіях археолага: “Старажытны Ваўкавыск” (1975), “Верхняе Панямонне ў XI-XIII стагоддзях” (1989) і “Беларускае Павілле ў жалезным веку і раннім сярэдневякоўі” (2005).

Яраслава Звяругу, як навукоўца, выдзяляла высокая культура палявых даследаванняў, глыбі­ня і дакладнасць аналізу, абгрунтаванасць і выверанасць высноў. Так пра яго казаў гісторык Міхась Чарняўскі.

Беларускае Радыё Рацыя