Шляхта як адметнасць Тыдня беларускай культуры ў Вільні
У Вільні адбываецца вельмі важная падзея з гледзішча Беларускай Ідэі.
Спачатку працытую абвестку пра шэраг імпрэзаў:
«На падзею запрашае Музей імя Івана Луцкевіча.
Падрыхтаваная шырокая культурна-асветніцкая праграма на кожны дзень – для дарослых і дзяцей.
Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнаму аспекту беларускай культуры.
4 верасня – Дзень шляхты: будзе праведзеная майстэрня замкаў, падчас якой дзеці з бацькамі змогуць сабраць з паперы мадэлі сапраўдных беларускіх замкаў; прэзентацыя з дэгустацыяй «Беларуская культура кавы».
5 верасня – Дзень славутых беларусаў.
6 верасня – Дзень выяўленчага мастацтва.
7 верасня – Дзень літаратуры і паэзіі.
8 верасня – Дзень музыкі.
9 верасня – Кірмаш.
10 верасня – свята Багач.
Акрамя таго, цягам усяго Тыдня беларускай культуры будуць працаваць сялянская фотазона, імерсіўная выстава, замкавая і літаратурныя прасторы і інш». (канец цытаты)
Арганізатарка Тыдня беларускай культуры ў супольнай для сучасных беларусаў і літоўцаў сталіцы Вільні – Людвіка Кардзіс.
«Дзень шляхты» – дзякуй за гэты канцэпт, спадарыня Людвіка.
Шляхта ў колішнім ВКЛ і ВКЛ у канфедэрацыі з Каронай польскай – гэта ад пяці да пятнаццаці, а дзе-нідзе яшчэ большай колькасці, людзей.
У Сярэднявеччы шляхта была супольнасцю вольных людзей з правам удзелу ў рознага віду выбарах.
Думаю таму ў БССРаўскай, і пазнейшай постсавецкай традыцыі на шляхту не рабілі акцэнт.
Шмат якім беларускім адраджэнцам падабалася дахрысціянства як штосьці малапалітызаванае і ўсіхнае.
Іншыя рабілі стаўку на агульна сялянскі фальклор, як таксама як бы не палітызаванае. Хоць святкаванне Калядаў, Гукання Вясны ці Купалля па-за вёскай было ўжо чымсьці ледзь не крымінальным.
А шляхта кудысьці знікала, хоць шанаванне Радзівілаў ды іншых магнатаў як гісторыка-культурнай з’явай не забаранялася нават Камуністычнай партыяй Беларусі.
І вось 2023 год, і ў Вільні ў першыню так публічна слова «шляхта» прамаўляецца ў звязку з паняццем «беларусы».
Памятаю як у 1980-х у школе вараціла ад «мужык дурны як варона», «пан сахі і касы», «сляпы нібы крот» і ўсяго падобнага па вялікім рахунку ныцця, якое стваралі… шляхціцы! ))
Янка Купала быў з шляхты, напрыклад.
І памятаю як захапляўся творамі Уладзіміра Караткевіча, дзе шляхта была вельмі нават з «чалавечым тварам». Але ў школе нам пра гэтую частку беларускай культуры не распавядалі.
Сёння мы ўсе розныя ў сваіх сацыяльных пазіцыях. Але слова «шляхта» мае сімвалічнае значэнне, датычнае да людзей, якім не абыякавы лёс сваіх нашчадкаў.
Хай «Пінская шляхта» як сатырычны вобраз застаецца адэптам савецкага шляху.
А шляхта як сінонім «гонару» будзе сінонімам у тым ліку і беларушчыны.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя