Агляд прэсы: Цана будучых перамогаў
Перад судом паўстане адказны за гвалтоўныя знікненні ў Беларусі. Контрнаступ ва Украіне. Прымірэнне немажліва ані спортам, ані Нобелем. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
19-20 верасня 2023 г. у швейцарскім Санкт-Галене паўстане перад крымінальным судом Юрый Гараўскі, былы сябра СОБРа прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў гвалтоўных знікненнях трох асноўных палітычных апанентаў у 1999 годзе, у якіх ён удзельнічаў. «Справа наватарская: упершыню грамадзянін Беларусі паўстане перад судом за гвалтоўнае знікненне на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта таксама першае прымяненне канкрэтнага палажэння, якое крыміналізуе гэта злачынства ў Швейцарыі», – падкрэслівае міжнароднае выданне The Trial International.
«Гэтым першым у гісторыі судовым пераследам меркаванага члена спецгрупы Лукашэнкі пасылаецца моцны сігнал. Правасуддзе за міжнародныя злачынствы можа і будзе ажыццяўляцца, незалежна ад дзяржаўных межаў і часу, які прайшоў з моманту здзяйснення злачынстваў. Вядома, што ў траўні-верасні 1999 г. у Менску зніклі некалькі галоўных дзеячаў апазіцыі: былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка; Віктар Ганчар, былы віцэ-прэм’ер у першыя гады прэзідэнцтва Лукашэнкі, і Анатоль Красоўскі, бізнесовец і блізкі сябар Ганчара. Сем’і загінулых рабілі шматлікія спробы атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне іх сваякоў. Аднак праваахоўныя органы Беларусі сістэматычна адмаўляліся пераследваць вінаватых і прыцягваць іх да адказнасці. Гэта справа азначае рашучы крок наперад у барацьбе з беспакаранасцю за злачынствы, учыненыя ў Беларусі. Самая вялікая надзея для сваякоў забітых палітыкаў — атрымаць упэўненасць у лёсе сваіх родных праз прысуд, вынесены належным судом. Гэты суд будзе гістарычным. Гэты выпадак стане прэцэдэнтам. Пераслед такіх злачынстваў у Швейцарыі будзе служыць прыкладам ва ўсім свеце, як можна вызначыць факты, якія потым могуць быць выкарыстаны для пераследу тых, хто загадаў здзейсніць злачынства, у тым ліку і самога Лукашэнкі», – адзначае міжнароднае выданне.
Доўгі час здавалася, што ўкраінскае контрнаступленне, якое распачалося 4-га чэрвеня, не прасоўваецца наперад. Аднак цяпер, мяркуючы па заявах украінскага ваеннага камандавання, ВСУ ўдалося прарваць першую лінію абароны расейскай арміі каля горада Запарожжа. Прэса разыходзіцца ў меркаваннях. Браціслаўскі часопіс Új Szó выказвае меркаванне, што контрнаступленне не пераломіць сітуацыі.
«Усё больш прыкметаў таго, што гэта будзе сталы канфлікт, вынік якога цяжка прадказаць. Газета Washington Post нядаўна апублікавала ацэнкі амерыканскіх спецслужбаў, паводле якіх украінскае контрнаступленне не зможа дасягнуць пастаўленых мэтаў сёлета. Брытанскі часопіс The Economist паведамляе пра тое, што ва ўкраінскага боку назапасілася стомленасць, што выклікала тую ж адстаўку Міністра абароны Украіны. Самы далёкі сцэнар, магчыма, намаляваў Стыян Енсэн, кіраўнік офіса генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга: ён заявіў, што ў абмен на ўступленне ў НАТА нашаму суседу на ўсходзе, магчыма, давядзецца адмовіцца ад некаторых тэрыторый», – папярэджвае славацкае выданне.
Фонд Альфрэда Нобеля ў Стакгольме прыняў неасцярожнае рашэнне: у адрозненне ад мінулага года, на запланаваную на снежань цырымонію ўзнагароджання аказаліся запрошаныя паслы ад Расеі, Беларусі і Ірана. Некалькі высокапастаўленых шведскіх палітыкаў прыгразілі байкотам урачыстасці, пасля чаго камітэт адклікаў запрашэнні. Дацкая газета Jydske Vestkysten вітае як высылку расейскіх дыпламатаў з Даніі, так і адкліканае запрашэнне на нобелеўскую цырымонію.
«У сітуацыі, калі Расея вядзе агрэсіўную вайну супраць дэмакратычнага суседа, адносіны павінныя быць максімальна адхіленымі і прахалоднымі. Гэта тычыцца не толькі Даніі, але і ўсіх дэмакратычных краін, якія падзяляюць нашыя каштоўнасці. Менавіта таму фатальным сігналам стала тое, што Фонд Нобеля запрасіў амбасадараў Расеі, Беларусі і Ірана на ўручэнне Нобелеўскай прэміі. На шчасце, нямала шведскіх палітыкаў заявіла пра тое, што ў скрайнім выпадку яны ўвогуле не прыйдуць на святкаванне, пасля чаго недарэчнае запрашэнне дыктатурам і было адклікана», – піша дацкае выданне.
4-га верасня для школьнікаў Польшчы, як і па ўсім свеце, падыйшлі да канца летнія канікулы і распачаўся новы навучальны год. Карыстаючыся выпадкам, журналісты крытычна аналізуюць сістэмы адукацыі ў сваіх краінах і ўказваюць на структурныя недахопы. Польскі часопіс Krytyka Polityczna смела ўказвае на заганы настаўніцкіх заробкаў, чаго не могуць сабе дазволіць тыя ж СМІ ў Беларусі.
«Заробкі настаўнікаў працягваюць падаць, хоць міністр запэўнівае, што гэта надзвычай прыбытковая ў фінансавым плане прафесія, а каля дваццаці тысяч незанятых вакансій называе «нармалёвай кадравай флуктуацыяй». Маштабы ўрадавых маніпуляцый ужо мяжуюць з гратэскам, але не перастае здзіўляць тое, чаму нават у апазіцыйных СМІ заробкі настаўнікаў нязменна параўноўваюцца з МРОТ, а не з сярэдняй заработнай платай па краіне. Няўжо мы лічым, што тэндэнцыі 1990-х гадоў – гэта значыць падзенне прэстыжу прафесіі настаўніка – ёсць нешта застылае, вечнае і нязменнае?», – задаецца нязручным пытаннем польскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя