Менскія дынамаўцы з лікам 7:0 разграмілі „Віцязь” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі другую перамогу на старце рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У другім матчы дэбютнага ў сезоне выязнога турнэ падначеленыя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся з „Віцязем” з Балашыхі. Стартавы перыяд скончыўся з мінімальнай перавагай „зуброў” дзякуючы шайбе Аляксандра Волкава – як апынулася, гэта быў толькі пачатак разгрому суперніка. У наступнай 20-хвілінцы ў брамку гаспадароў лёду закінулі Кодзі Керан, Вадзім Мароз і Віталь Пінчук (у меншасці) і Цімафей Каўгарэня, з прычыны чаго перавага „Дынама” вырасла да пяці галоў. У заключнай трэці форварды сталічнага клуба Раман Гарбуноў і Андрэй Стась дабілі „Віцязь” яшчэ двума дакладнымі кідкамі – у выніку 7:0, мінчане святкуюць сваю самую буйную перамогу за ўвесь час выступаў ў КХЛ.

Хакеісты „Шахцёра” закінулі 12 шайб „Магілёву” ў беларускай экстралізе

Трыма матчамі ў Гародні, Магілёве і Віцебску ў панядзелак прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Другую перамогу ў двух матчах на старце сезона святкавалі хакеісты „Шахцёра”. Салігарчане на чужым лёдзе зладзілі татальную экзэкуцыю „Магілёву”, адправіўшы ў брамку „львоў” больш за дзесятак шайбаў. Сустрэча ў выніку скончылася з лікам 12:2, форвард „гарнякоў” Міхаіл Шалагін аформіў хет-трык, дубль у актыве Уладзіслава Радчанкі, па тры дзейсныя балы зарабілі Дзяніс Яркін, Максім Субоцін і Фёдар Пышкайла. У той жа час у Віцебску мясцовы клуб здабыў няпростую вікторыю ў бітве з „Лідай” – перавага дзейных уладальнікаў Кубка Салея над аўтсайдэрам мінулага сезона склала ўсяго адну шайбу 3:2.

Азаранка і Беатрыс Хадад Майя выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду US Open

У матчы 1/8 фіналу беларуска і бразільянка абыгралі японку Мію Като і інданезійку Алдзілу Сутджыядзі. Паядынак працягнуўся 1 гадзіну 4 хвіліны 6:2, 6:0. У наступным паядынку наша суайчынніца з напарніцай пазмагаюцца з расіянкай Верай Званаровай і немкай Лаўрай Зігемунд.

Арцём Канцавы выкліканы ў зборную Беларусі на матчы з камандамі Андоры і Ізраіля.

Хаўбек БАТЭ ўжо прыбыў у размяшчэнне нацыянальнай каманды, якая рыхтуецца да маючых адбыцца гульняў. 9 верасня беларусы згуляюць са зборнай Андоры, 12 верасня адбудзецца матч з ізраільцянамі. 6 верасня на комплексе палёў АБФФ пройдзе адкрытая трэніроўка зборнай Беларусі.

Дзесяць беларускіх цяжкаатлетаў выступяць на чэмпіянаце свету ў Саудаўскай Аравіі

У саудаўскім Эр-Рыядзе стартуе чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы з удзелам беларускіх спартоўцаў. На спаборніцтвах выступяць больш за семсот цяжкаатлетаў са 117 краін свету, сярод удзельнікаў галоўнага старту сезона – 10 беларускіх прадстаўнікоў. У жаночы склад дэлегацыі ўвайшлі Аліна Шчэпанава (вагавая катэгорыя да 59 кг), Сюзана Валадзько (да 71 кг), Рына Літошык (да 76 кг) і Дар’я Хейдэр (да 81 кг). Сярод мужчын за ўзнагароды турніру паспрачаюцца Генадзь Лапцеў (вага да 61 кг), Пётр Асаёнак (да 89 кг), Павел Хадасевіч (да 96 кг), Сяргей Шаранкоў, Яўген Ціханцоў (абодва – да 102 кг) і Эдуард Зязюлін (вага звыш 109 кг). Чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы ў Саудаўскай Аравіі пройдзе з 4 па 17 верасня, усяго ўдзельнікі форуму разыграюць 20 камплектаў узнагарод (па 10 у мужчын і жанчын). Гэты старт – адзін з этапаў кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы.

Беларускае Радыё Рацыя