Беларусь займае перадапошняе месца па заробках у краінах ЕАЭС



З краін Еўразійскай эканамічнай супольнасці самы высокі сярэдні заробак у Расеі, а самы нізкі — у Кыргызстане. Звесткі апублікавала на сваім сайце Еўразійская эканамічная камісія.

Сярэднямесячны намінальны заробак за шэсць месяцаў з пачатку года ў Расеі склаў $915, у Казахстане — $780, у Арменіі — $671, у Беларусі — $633, а ў Кыргызстане — $367.

Паводле Белстата, у ліпені сярэдні заробак у Беларусі “бруднымі” склаў 1933 рублі 10 капеек. Па сярэднім курсе Нацбанка гэта $638,4. Калі ж браць “чыстымі”, то гэта будзе 1 662,4 рубля, або 549 даляраў (nashaniva.com).

У Беларусі павялічаць расходы на водны транспарт

Мінфін сёлета пашырыць фінансаванне развіцця воднага транспарту. На гэтыя мэты дадаткова накіруюць больш за 2,4 млн. рублёў. Гэта вынікае з пастановы ўрада, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале, заўважыў Office Life. Грошы пойдуць на аплату дарожных работ і ўтрыманне суднаходных гідратэхнічных збудаванняў на ўнутраных водных шляхах.

Водны парк Беларусі налічвае больш за 700 суднаў. Узрост большасці з іх перавышае 40 гадоў. У краіне сем рачных партоў. Пры гэтым каля 3,5 тысяч кіламетраў водных шляхоў лічацца прыдатнымі для суднаходства.

Рэстараны “Вкусно — и точка” не трацяць надзеі адкрыцца ў Беларусі

Расейская сетка рэстаранаў хуткага харчавання “Вкусно — и точка” можа з’явіцца і ў Беларусі. Прынамсі, сама яна надзеі не траціць, расказаў уладальнік брэнда, які замяніў “Макдональдс” у Расеі, Аляксандр Гоман.

Як заявіў бізнесмен у інтэрв’ю ТАСС, у найбліжэйшы час “Вкусно — и точка” плануе адкрыць рэстараны ў Кітаі. Таксама кампанія, паводле Гомана, не губляе надзеі адкрыцца і ў Беларусі.

Пра тое, што сусветны брэнд фаст-фуду “Макдональдс” пакіне беларускі рынак, стала вядома ў лістападзе 2022 года. Раней сетка рэстаранаў “Макдональдс” у Беларусі працавала па франшызе і на 90% належала казахстанскаму бізнесмену Кайрату Баранбаеву. Цяпер і Казахстан амерыканская сетка таксама пакінула.

Намеснік генпракурора асабіста ўзяўся наводзіць парадак у кароўніку

Намеснік генпракурора Аляксей Стук асабіста заняўся навядзеннем парадку ў кароўніку КСУП „Урыцкае” ў Гомельскім раёне, паведамляе прэс-служба пракуратуры. Раней гэтую ферму бралі на свой кантроль пракуратуры Гомельскага раёна і Гомельскай вобласці.

Пракурорскія работнікі апошні раз былі на ферме на пачатку жніўня. Намеснік генпракурора прыехаў на пачатку верасня і канстатаваў, што за месяц у кароўніку нічога не змянілася. Па яго словах, выправілі толькі „малую частку выкрытых недаглядаў і недахопаў з моманту апошняга візіту”. У прыватнасці, зноў выявіліся парушэнні тэхналогіі і рэжыму кармлення. У цялят ад двух да шасці месяцаў канстатавалі знясіленне. Таксама ў іх не было падсцілкі. Паілкі былі няспраўныя — у выніку секцыі з жывёламі „былі ў падтопленым стане і запоўненыя арганікай”. Неналежным чынам захоўваліся ветэрынарныя прэпараты.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар.