Арына Сабаленка паўтарыла дасягненне Вікторыі Азаранкі
Адолеўшы расейку Дар’ю Касаткіну ў 1/8 фіналу US Open, беларуска Арына Сабаленка святкавала 21-ю перамогу ў турнірах „Вялікага шлема” ў 2023 годзе. З 2000 года толькі шэсць тэнісістак перамагалі больш за каляндарны год на спаборніцтвах такога ўзроўню. Гэта Амелі Марэсмо, Джэніфер Капрыаці, Жусцін Энэн, Кім Кляйстэрс, а таксама Серэна і Вінус Уільямс. Вікторыя Азаранка і Марыя Шарапава святкавалі па 21 перамозе на турнірах „Вялікага шлема” ў 2012 годзе.
«Арыс» Шпілеўскага і Шуманскага зноў арандаваў Какорына ў «Фіярэнціны»
Расейскі нападнік Аляксандр Какорын вярнуўся ў «Арыс» беларускага спецыяліста Аляксея Шпілеўскага. Клуб арандаваў Какорына ў «Фіярэнціны» на адзін сезон. Какорын выступаў за «Арыс» у мінулым сезоне. Ён стаў найлепшым бамбардзірам каманды, якая стала чэмпіёнам Кіпра, забіў 13 мячоў і аддаў 6 вынiковых перадач. За «Арыс» выступае беларускі нападнік Арцём Шуманскі.
Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту дапусціла беларусаў і расейцаў да міжнародных стартаў у нейтральным статусе
Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) дазволіла расейскім і беларускім спартоўцам удзельнічаць у міжнародных стартах. Пры гэтым у кожнай дысцыпліне да спаборніцтваў дапусцяць толькі па аднаму спартоўцу ад Беларусі і Расеі ў нейтральным статусе. „Індывідуальным нейтральным спартоўцам будзе дазволена ўдзельнічаць толькі ў спаборніцтвах, дзе час або вынік вызначаюцца выступамі аднаго спартоўца. Максімум аднаму нейтральнаму спартоўцу з Расеі і аднаму з Беларусі на адно спаборніцтва будзе дазволена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па водных відах спорту”, — сказана ў прэс-рэлізе федэрацыі. У той жа час на спаборніцтвы пад эгідай Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту забаронена акрэдытоўваць расейскіх ці беларускіх службовых асобаў, у тым ліку прадстаўнікоў улады.
„Віцязь” пасля 0:7 ад менскага „Дынама” пакрые заўзятарам грошы за квіткі
Акцыя будзе дзейнічаць на наступную гульню каманды супраць „Адмірала”. „Хакейны клуб „Віцязь” прыняў рашэнне аб кампенсацыі фінансавых выдаткаў заўзятараў, якія набылі квіткі на матч 06.09 паміж камандамі ХК „Віцязь” — ХК „Адмірал”. Для тых заўзятараў, хто яшчэ не набыў квіток на матч з „Адміралам”, дзейнічае прамакод „0:7″. Ён дасць 100% на гульню”, — гаворыцца ў паведамленні клуба. Нагадаю, менскае „Дынама” ў той сустрэчы святкавала сваю найбуйнейшую перамогу за час выступаў у КХЛ.
Беларускае Радыё Рацыя
