Беларуская гуманітарная місія ва Украіне: Час заяваў прайшоў, патрэбна супольная праца



Падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, арганізаванай на базе ўкраінскай платформы Укрінформ, былі абмеркаваны пытанні Беларускай гуманітарнай місіі і далейшыя прапановы дапамогі Украіне з боку беларускай дыяспары.

Ініцыятыву беларусаў у Херсонскай вобласці, да якой пакуль далучылася толькі сем чалавек, прадставіла сябра грамадскай арганізацыі «Сустрэча» Алена Жаркевіч:

– Звязаліся з Херсонам. Херсонская адміністрацыя пагадзілася і сказала, так, гэта вельмі добрая прапанова, каб мы прыехалі і пачысцілі гэтыя калодзежы. Таму што ў людзей няма вады. А мы сёння здольныя гэта зрабіць. Таксама мы паразмаўлялі пра тое, што ёсць адміністрацыйны будынак, які нягодны для выкарыстання, мы можам прыехаць, пачысціць і памыць яго.

Важнасць Беларускай гуманітарнай місіі ва Украіне падкрэсліў раднік Асацыяцыі гарадоў Украіны, раднік Украінскай асацыяцыі раённых і абласных рад Іван Фурсенка:

Для Украіны і для ўкраінцаў важна зразумець, што ёсць іншая Беларусь, прадстаўнікі не той акупацыйнай улады, праз якую ўрываліся ва Украіну. І ёсць такія людзі, як вы, з адкрытым сэрцам, гатовыя далучацца і абараняць як тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, так і фактычна ўжо сёння працаваць над будучыняй Беларусі, побач з якой Украіне і украінцам было б камфортна. З такімі людзьмі, як вы, нам пашыраць нашыя адносіны, адкрываць межы, аб’ядноўвацца з краінамі Балтыі і рухацца наперад, каб простыя людзі маглі жыць і радавацца жыццю, і нашыя краіны маглі б паспяхова развівацца.

Ініцыятыва «Беларуская гуманітарная місія» арганізавана Грамадскай арганізацыяй «Сустрэча» ва Украіне. Мэта місіі – садзейнічаць аказанню дапамогі мясцоваму насельніцтву Херсонскай вобласці, якая пацярпела ад паводкі ў выніку падрыву расейцамі Кахоўскай ГЭС. Да дзейнасці місіі можа далучацца ўсе жадаючыя.

Беларускае Радыё Рацыя