Андрэй Шарэнда: Яна аб’яўляла галадоўку, пратэстуючы супраць умоваў утрымання



6 верасня ў палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк ў Рэчыцкім судзе адбудзецца разгляд яе скаргаў на змяшчэнне пад варту пад час следчых дзеянняў, на побытовыя ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС, таксама скарга аб накіраванні на судова-псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Стала вядома, што яе асноўная крымінальная справа таксама накіраваная ў Рэчыцкі суд, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:

— Сённяшняе паседжанне мае тэхнічны характар. Вядома, Паліну пакінуць пад вартай. Адзінае, што сёння можа стане вядомым, гэта дата разгляду асноўнай крымінальнай справы. Я мяркую, што яе разглядзяць на працягу бліжэйшага месяца.

Па словах Андрэя Шарэнды, тое, што справа будзе разглядацца ў Рэчыцкім судзе, азначае самае страшнае, што Паліну зноў перавязуць у ізалятар Рэчыцага РАУС:

— Тыдзень, які яна прабыла ў Рэчацкім ІЧУ, дзе яна аб’яўляла галадоўку, пратэстуючы супраць умоваў утрымання. Гэта вельмі моцна сказалася на ейным здароўі. На жаль, у Паліны вельмі моцна баліць спіна, гэта наступствы тых умоваў.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была вызваліцца ў пачатку верасня мінулага года. Але тэрмін працягнулі яшчэ на год нібы за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. 6 жніўня гэтая мужная жанчына павінна была выйсці на волю. Але зноў яе будуць судзіць за непадпарадкаванне.

Беларускае Радыё Рацыя