Віцэ-маршалак Себасцьян Лукашэвіч: Усцешаны кандыдаткай у Сойм ад беларусаў Падляшша



У Беластоку прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю выбарчай кампаніі віцэ-маршалка Себасцьяна Лукашэвіча, які балатуецца ад спісу «Права і справядлівасць» у Сойм Рэспублікі Польшча.

Сярод іншага кандыдат адзначыў важнасць таго, што ад беларускай нацыянальнай меншасці сёлета ў Спісе кандыдатаў у Сойм ад PiS пад нумарам 8 значыцца Люцыя Неміровіч з Праваслаўнага Брацтва св. Кірыла і Мяфодзія з Беластока:

– Ёсць адна кандыдатка. На 8 месцы знаходзіцца спадарыня, якая прадстаўляе беларускую супольнасць. Нас вельмі цешыць гэты факт, бо гэта першы такі выпадак, калі ў нашым спісе знаходзіцца кандыдат з нацыянальных меншасцяў. Я засяродзіўся на супрацы з беларускімі праваслаўнымі групамі як Віцэ-Маршалак Падляшскага Ваяводства. Мы вельмі моцна падтрымлівалі іх рознымі сродкамі і дзеяннямі. Я хацеў бы засяродзіцца перад усім на галасах моладзі і людзей з вёсак і мястэчак. Я сам вырас пад Беластокам, так што магу прадстаўляць голас адтуль.

У поўным спісе PiS для Падляшша – 28 разнастайных кандыдатаў. На думку партыйцаў, гэта дае поўнае адлюстраванне і прадстаўленнем супольнасцяў Падляшскага ваяводства. Маюцца як дасведчаныя парламентарыі, так і дэбютанты, частка з якіх – маладыя актывісты рэгіёну.

Фота аўтара:

Беларускае Радыё Рацыя