Антось Жукаў: Найперш трэба тут легалізавацца



Цэнтру Беларускай Салідарнасці спаўняецца 3 гады. Аб’яднанне працуе ў Варшаве і паспела ўжо дапамагчы не толькі беларусам, але і ўкраінцам адаптавацца ў замежжы. А нядаўна ўстанова выпусціла памятку для тых, хто не можа памяняць пашпарт. Пра гэта і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з сённяшнім Госцем Рацыі, прэс-сакратаром ЦБС Антосем Жукавым:

— З аднога боку цешыць, што мы зрабілі працу, з іншага боку, мы турбуемся пра тое, што нам давялося столькі працы, і столькі беларусаў былі вымушаныя іміграваць у Польшчу. Гэта страшна. За гэтыя тры гады 33 тысячы юрыдычных кансультацыяў для беларусаў. Неймаверная лічба, на мой погляд, бо ў нас даволі невялікая каманда. Мы падрыхтавалі больш за тысячу працэсуальных дакументаў, прадстаўлялі беларусаў і ўкраінцаў у органах і судах больш за 2 тысячы разоў, і запоўнілі амаль 200 заявак для іх. Гэта калі казаць пра вынікі нашай юрыдычнай працы. Яшчэ адным вялікім вынікам ёсць тое, што ў нас цяпер па-над 240 вучняў у школцы ЦБС. Вядома, яны не змяшчаюцца тут увесь час, але яны ходзяць у гурткі беларускай, ангельскай, польскай моваў, малююць, граюць, добра бавяць час, і не толькі дзеці з Беларусі, але і з Украіны. Таму мы падыходзім з такімі вынікамі, і мне здаецца, мы зрабілі даволі шмат для нашых людзей.

РР: З якімі заўвагамі, цікавінкамі да вас звяртаюся беларусы? Што іх цікавіць, што іх турбуе?

— Як і на самым пачатку, людзям найперш трэба тут легалізавацца, і таму, у першую чаргу гэта легалізацыя ці праз атрыманне часовага побыту тут у Польшчы або атрыманне міжнароднай аховы. Потым, калі людзі жывуць нейкі час, мінула тры гады, і шмат беларусаў даволі доўга, у іх тут нараджаюцца дзеці, яны ствараюць шлюбы, у гэтым усім таксама трэба разбірацца, і мы ў гэтым таксама дапамагаем. Вельмі актуальнае пытанне з польскім праязным дакументам, бо беларускія ўлады вырашылі, што грамадзяне Беларусі, што ёсць за мяжой, нейкія не людзі, і ім не будуць выдаваць пашпарты за мяжой. І цэлы дзень у нас проста нейкі вал паведамленняў і пытанняў, што з гэтым усім рабіць, і мы дапамагаем вельмі актыўна з гэтым пытаннем.

РР: І што рабіць?

— Тут можа быць два развязку для беларусаў. Першае: калі чалавек мае нейкі побыт, часовы, сталы ці дадатковую ахову ў Польшчы, ён мае атрымаць польскі праязны дакумент. Мы пра гэта кансультуем, можам падрабязна расказаць, як гэта зрабіць, можам запоўніць заяву — у панядзелкі ў нас ёсць кансультацыі ў запаўненні гэтых дакументаў. Калі чалавек не мае такіх дакументаў, напрыклад мае толькі візу, і таксама важныя абставіны, калі ў чалавека сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарта, ён пашкоджаны, ці яшчэ нешта, карацей, ён не можа падацца на ВНЖ, то ў такой сітуацыі трэба падавацца на міжнародную ахову. На жаль, нейкага іншага выйсця няма, але ў гэтым няма нічога дрэннага, бо ёсць нейкі стэрэатып, і беларусы не вельмі ахвотныя, яны лепш падаюцца на гуманітарны ВНЖ, і ім гэта нібы неяк псіхалагічна прасцей. Таксама можна звярнуцца ў Цэнтр Беларускай Салідарнасці ўжо пасля сканчэння працэдуры. Звычайна яна цяпер даволі хуткая, раней яна была даўжэй, каля паўгода, а цяпер 3-4 месяцы, і пасля гэтага чалавек можа атрымаць ці жэнеўскі пашпарт, ці польскі праязны дакумент. І дзякуючы гэтаму шмат пытанняў развяжуцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Дарэчы, ужо ў нядзелю, 10-га верасня, у Цэнтры Беларускай Салідарнасці адбудзецца майстар-клас з псіхолагам „Дзе ўзяць энергію для адаптацыі ў новай краіне?”. Уваход на падзею вольны, але патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя.

Беларускае Радыё Рацыя