Хто гатовы прызнаць новыя беларускія пашпарты?



Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адрэагаваў на свежы ўказ Лукашэнкі аб забароне выдачы беларускіх пашпартоў за мяжой. Каментар Вячоркі прагучаў 5 верасня ў эфіры «Голаса Амерыкі». Як адзначае дарадца Ціханоўскай, беларускія дэмсілы рыхтаваліся да падобнага развіцця падзей і чакалі ад Лукашэнкі помсты за пратэсты 2020 года. Таму і пачалі працу над выпускам альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў, якія дазволяць беларусам мець легальны статус у іншых краінах і падарожнічаць. Вячорка назваў папярэднія тэрміны пачатку выпуску новых пашпартоў і колькасць краін, якія ўжо выказалі гатоўнасць іх прызнаць. «Тэхнічны і візуальны складнік новага беларускага пашпарта ўжо падрыхтаваны. Ён адпавядае стандартам ICAO і ўжо ўзгоднены з Еўракамісіяй. Цяпер мы займаемся вырабам першых узораў пашпартоў, якія будуць адпраўлены ў краіны Еўрасаюза і па ўсім свеце для аналізу. Спадзяемся, што ўжо ў пачатку наступнага года мы пачнем выдаваць пашпарты. У цяперашні момант ужо ёсць дзве дзяржавы, якія папярэдне заявілі, што будуць гатовыя першымі прызнаць нашы новыя пашпарты», — распавёў «Голасу Амерыкі» Франак Вячорка.

Беларускае Радыё Рацыя