„Збіральнік скарбаў зямлі беларускай”
Пад такой назвай у Лідзе адбыўся навукова-практычны семінар, які арганізавалі і правялі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Лідскі гістарычна-мастацкі музей, прысвечаны 170-годдзю з дня нараджэння Міхала Федароўскага і 700-годдзю горада Ліды.
З дакладамі на самыя разнастайныя тэмы выступілі Юрый Внуковіч (“Этнічныя намінацыі і катэгорыі ідэнтычнасці ў працы Міхала Федароўскага “Люд беларускі на Русі Літоўскай”), Зміцер Скварчэўскі (“Паданне „Аб даўнейшай веры” са збору Міхала Федароўскага. Да пытання пра паходжанне і ўплывы”), Сяргей Грунтоў (“Чытанне Міхала Федароўскага на сучасных беларускіх могілках: уяўленні пра душу і замагільны свет раней і сёння”), Юры Пацюпа („Паэма „Суседчык гавайскі” Вільгельма Пратасэвіча і кан’енктуры да яе Міхала Федароўскага”), Яніна Грыневіч (“Уладзімір Дубоўка чытае Міхала Федароўскага: старыя падыходы да новых матэрыялаў”), Таццяна Валодзіна (“Народная медыцына ў працах Міхала Федароўскага: да пытання аб раянаванні традыцыйнай культуры”), Таццяна Кухаронак (“Дародавыя звычаі, прыкметы, вераванні беларусаў у даследаваннях Міхала Федароўскага” і іншыя.
Семінар распачаўся прывітальным словам дырэктара музея Вольгі Лук’ян і рэдактара часопіса “Лідскі летапісец” Станіслава Судніка. Станіслаў Суднік прадставіў удзельнікам семінару тры лідскія фальклорныя зборнікі, якія выйшлі за апошнія 6 гадоў, і падарыў прысутным календары з серыі “Скарбы Лідчыны”. Падчас выступаў прагучала шмат цікавай інфармацыі пра розныя аспекты этнічнай культуры і самасвядомасці беларусаў, якія зафіксаваў Міхал Федароўскі ў сваёй 8-мітомнай працы “Люд беларускі”.
Беларускае Радыё Рацыя