Беларусь як “шэрая зона”. Выступ Латушкі на эканамічным форуме ў Карпачы
На XXXII Эканамічным форуме ў Карпачы намеснік кіраўніцы пераходнага Кабінета Павел Латушка прапанаваў 5 кірункаў агульнаеўрапейскай стратэгіі, якія тычыцца палітычнага, геапалітычнага, культурнага, інфармацыйнага і эканамічнага франтоў.
Што тычыцца эканомікі, то беларускі палітык адзначыў, што Беларусь стала “шэрай зонай” для абыходу санкцый, эканоміка і ВПК Беларусі і Расеі зліліся ў адзінае цэлае. Неабходна гарманізаваць санкцыі, увесці найстражэйшы кантроль за іх выкананнем. І зрабіць спансіраванне рэжыму максімальна дарагім для Расеі. Самы эфектыўны сродак, кажа Латушка, гэта гандлёвае эмбарга. “Вітаем гатоўнасць Польшчы, краін Балтыі зачыніць межы з Беларуссю для руху тавараў. Адначасова важна пакінуць магчымасць перамяшчэння для беларусаў”, – дадаў палітык.
Эканамічны форум у Карпачы – адна з найбуйнейшых палітычных і эканамічных канферэнцый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая адбываецца штогод.
Золатавалютны рэзервы Беларусі зноў выраслі
Па стане на 1 верасня золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 17,7 мільёнаў даляраў і склалі 7 мільярдаў 997 мільёнаў. Такія дадзеныя з’явіліся на сайце Нацыянальнага банка.
Адзначым, што рэзервы растуць другі месяц запар. Так ад жніўня яны дадалі 182 мільёны даляраў. Надалей амаль палову актываў займае золата, астатняе – гэта актывы ў замежнай валюты і спецыяльныя правы пазычання – штучная валюта Міжнароднага валютнага фонду, якая пакуль у нас неліквідная, бо гэтыя актывы Расеі і Беларусі цяпер нельга абмяняць на даляры.
“Зялёная сетка” заклікае прыпыніць увядзенне ў строй другога блока БелАЭС
Разабрацца з першым энергаблокам Беларускай АЭС і пакуль не запускаць другі. Да гэтага заклікаюць эксперты беларускіх экалагічных арганізацый і ініцыятыў “Зялёная Сетка”. У доўгатэрміновай перспектыве эколагі заклікаюць увогуле закрыць АЭС, бо яна, па меркаванні экспертаў, стварае небяспеку для здароўя людзей і экалогіі, а ў пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі няма празрыстасці. Грамадскасць пазбаўлена магчымасці ўплываць на прыняцце рашэнняў па запуску энергаблокаў. А рынкі збыту электраэнергіі адсутнічаюць.
На 8 верасня запланаваныя так званыя “грамадскія слуханні” наконт другога энергаблока. Эколагі лічаць, што на іх не будуць слухаць меркаванне людзей. Таму запусцілі ўласнае апытанне беларусаў “Вашае стаўленне да БелАЭС і давер уладам наконт яе бяспекі?” Галасаванне завяршаецца 11 верасня. Вынікі з’явяцца на Зялёным партале і будуць накіраваныя ў Дзяржатамнагляд.
Вытворца папулярных марак цыгарэт зышоў з Беларусі і Расеі
Тытунёвая карпарацыя British-American Tobacco прадае бізнес у Беларусі і Расейскай Федэрацыі. Бізнес выкупляюць расейцы, пасля завяршэння здзелкі актывы атрымаюць назву ITMS Group. “Мы чакаем, што здзелка будзе завершана на працягу найбліжэйшага месяца пасля выканання пэўных умоў. Пасля завяршэння здзелкі British-American Tobacco больш не будзе прысутнічаць у Расеі і Беларусі і атрымліваць фінансавую выгаду на гэтых рынках”, — падкрэслівае пакупнік.
Яшчэ ўвесну 2022 года стала вядома, што British-American Tobacco лічыць свой бізнес у Беларусі і РФ няўстойлівым і мае намер сысці з гэтых краін.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Aleksiej Witwicki, Forum.