Вязень двух рэжымаў



7 верасня беларускаму дзеячу рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, дэпутату Сейма, публіцысту Паўлу Крынчыку (1898-1975) спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.

Павел Крынчык нарадзіўся ў вёсцы Едначы Слонімскага павета. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рускія казакі выгналі сям’ю Крынчыкаў у Расею. Яны заехалі ажно ў Екацерынаслаў. Там юнак паступіў у мясцовы палітэхнікум шляхоў зносін. Скончыў яго, а потым сям’я вярнулася на Бацькаўшчыну, якая ўжо была пад Польшчай.

Вярнуўшыся на Слонімшчыну, Павел Крынчык стаў адным з ініцыятараў стварэння гурткоў Грамады, Таварыства беларускай школы і спажывецкага таварыства. У 1928 годзе ў польскі Сейм былі абраны тры беларускіх дэпутаты: Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Аляксандр Стагановіч. У лютым 1929 года замест Аляксандра Стагановіча, дэпутатам сейма стаў Павел Крынчык. У Варшаве яму ўручылі пасольскі мандат, і з сакавіка 1929 года ён быў асобай недатыкальнай. Але…

Прыехаўшы ў Вільню, беларускі дэпутат польскага Сейма актыўна ўключыўся ў працу сакратарыята пасольскага клуба “Змаганне”. Ён стаў плённа працаваць над скліканнем Еўрапейскага сялянскага кангрэсу ў Берліне, удзельнікам якога разам з жонкай Аленай Лябецкай быў і сам. Палымяны голас пасла гучаў тады на шматлюдных мітынгах працоўных у Дзярэчыне, Воранаве, Ашмянах, Вільні, Смаргоні, Кельцах, Карэлічах і ў іншых гарадах і мястэчках.

 Нягледзячы на недатыкальнасць, Паўла Крынчыка на ўсіх мітынгах абражалі і білі польскія шпікі і паліцыянты. А летам 1929 года ў Карэлічах беларуса нават паранілі выстралам з пісталета ў галаву. Ён апамятаўся тады, калі сябры клалі яго на воз. Юнака хутка завезлі да доктара. Доктар дастаў з патыліцы кулю і сказаў: “Пану вельмі пашанцавала!”.

З забінтаванай галавой Крынчыка адвезлі ў гасцініцу, а потым на чыгуначную станцыю Наваельня, а адтуль у Вільню. Там перабінтавалі і зрабілі здымкі. Пазней гэта фатаграфія і фатаграфіі ягоных калег-паслоў Дварчаніна, Гаўрыліка, Грэцкага з перабінтаванымі галовамі, будуць змешчаны на выбарчым плакаце.

…Паўла Крынчыка паліцыя арыштавала дома. Валынца — у Вілейцы, Гаўрыліка — у цягніку, які ехаў у Варшаву. Іх усіх адправілі ў стэфанаўскую турму ў Вільню. У пачатку 1931 года пачаўся суд над сябрамі беларускага сялянска-рабочага пасольскага клуба “Змаганне”. Паўлу Крынчыку далі 8 гадоў строгага турэмнага зняволення.

Праз пэўны час у турму завітала сябра Чырвонага Крыжа СССР у Польшчы Стэфанія Семпалоўская і сустрэлася ў камеры з Крынчыкам. Спадарыня Семпалоўская паведаміла, што савецкі і польскі ўрады дамовіліся аб абмене палітзняволенымі. “У спіс палітзняволеных, якія належаць абмену, уключаны і вы, — сказала яна. — Цяпер толькі павінна быць ваша згода”. Семпалоўская заявіла таксама, что Крынчык можа ўзяць з сабой ўсю сваю сям’ю. Крынчык пагадзіўся і папрасіў з сабой узяць яго жонку Алену Лябецкую. Так Павел Крынчык і яго жонка Алена Лябецкая апынуліся ў Менску.

Спачатку ў БССР жыццё наладжвалася някепска. Павел працаваў, а Алена вучылася на геолага-геаграфічным факультэце БДУ, працавала інструктарам у ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Але аднойчы іх сям’ю наведалі супрацоўнікі НКУС. Спачатку 26 лістапада 1935 года арыштавалі Паўла і прыгаварылі да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў за “сувязь з разведкай буржуазнай Польшчы”. А потым восеню 1937 года арыштавалі і Алену. Павел Крынчык быў этапіраваны ў адзін з Калымскіх лагераў. А Алена Лябецкая была выслана ў адзін з лагераў Усходняй Сібіры.

На Радзіму Алена Лябецкая вярнулася ў 1947 годзе, а Павел Крынчык — у 1956 годзе. Пасля сябе Павел Крынчык і Алена Лябецкая пакінулі невялікія ўспаміны пра барацьбу і дзейнасць у 1920-1930-х гадах у Заходняй Беларусі. Гэтыя ўспаміны друкаваліся ў кнігах “У суровыя гады падполля” (Мн., 1958), “Годы испытаний и мужества” (Мн., 1973), “Вильнюсское подполье” (Вільнюс, 1966). Пра сталінскія лагеры ўспамінаў яны не пісалі.

Беларускае Радыё Рацыя