Выгнанне са школы «Каласоў пад сярпом тваім»
Не ведаю, ці атрымаў бы Уладзімір Караткевіч у цяперашнія часы залатую прэмію імя Ежы Гедройця, бо фармальна ён займаўся белетрыстыкай, ці папсой, калі казаць музычным слэнгам. Але Уладзімір Караткевіч зрабіў сваёй белетрыстыкай столькі для папулярызацыі беларушчыны, што, відаць, няма параўнаць ні з кім іншым, і нават з цэлымі арганізацыямі.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» пра паўстанне Кастуся Каліноўскага ў версіі рамантызму нацыянальнага адраджэння.
Ну як адраджэння – раман выйшаў у часопісе «Полымя» у 1965 годзе. А колькі пісаўся, а калі задумваўся? Ды не праз такі вялікі час пасля смерці Сталіна.
Выхад «Каласоў» прыпаў на шалёную русіфікацыю Беларусі. Вяскоўцы масава ехалі ў гарады, каб пазбавіцца калгаснага прыгнёту. У гарадах іх сустракала расейская мова, і немагчымасць рэалізоўваць адукацыю і прафесійную дзейнасць па-беларуску.
А тут Уладзімір Караткевіч са сваёй творчасцю, скіраванай на абуджэнне нацыянальнай самапавагі і нацыянальнага беларускага самаразвіцця.
«Каласы пад сярпом тваім» – адзін з самых паказальных тэкстаў нацыятворчасці Уладзіміра Караткевіча.
Аўтар нарадзіўся і рос у СССР, і, вядома, там у рамане шмат адсылак да ідэалогіі саветаў: псеўданародніцтва, князь, выхаваны сялянамі. У прынцыпе гэтыя адсылкі і выключылі партыйныя цэнзары.
Бо ў рэальнасці «Каласы пад сярпом тваім» – гэта ідэя беларушчыны. То бок ідэя свайго жыцця на сваёй зямлі без кіравання з чужой тэрыторыі.
Значна пазней – у 1981 годзе – Уладзімір Караткевіч напіша аповесь-перадгісторыю паўстання Кастуся Каліноўскага пад назвай «Зброя».
Чаму сёння ідзе атака на Кастуся Каліноўскага і ягоных літаратурных персанажаў як Алесь Загорскі з «Каласоў пад сярпом тваім», зразумела.
Ідзе вайна, і вайна адбываецца не толькі праз артылерыю ці пяхоту. Агрэсар спачатку нішчыць сэнсы.
А сэнс у тым, што Уладзімір Караткевіч выкарыстаў магчымасць праз літарутарызаваны вобраз Кастуся Каліноўскага напісаць пра змаганне беларусаў супраць расейскіх акупантаў.
А самы цымус у аповесці «Зброя». Бо ў Маскве зброю набывалі акурат, каб змагацца з Масковіяй.
Беларускія цэнзары ў сілу сваёй слабой адукаванасці прапусцілі і «Каласы», і «Зброю» і наогул Уладзіміра Караткевіча як аўтара.
А расейскія куратары лукашэнкаўскага рэжыму толькі нядаўна зразумелі моц вобразу Кастуся Каліноўскага. І ўжо адкрытым тэкстам ставяць ачольніка антырасейскага паўстання ў адзін шэраг з украінскім Стэпанам Бандэрам.
У мяне асабіста пытанне пра тое колькі часу ў крамлёўцаў ды іх калабарантаў лукашыстаў на тое, каб змяніць матрыцу беларушчыны.
Яны тыкаюцца па асобных кавалках карціны, але карціна беларушчыны – гэта бясконцы космас.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя