У Празе стартавала 31-я Сесія Рады БНР — у парадку дня абранне старшыні
У Празе стартавала 31-я Сесія Рады БНР. У парадку дня абранне старшыні. Падзея адбываецца ў Беларускай клубоўні й будзе доўжыцца два дні. Згодна з раскладам сёньня будуць агучаныя справаздачы ад дзейнае старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, ейных намеснікаў, ды іншых адказных асобаў.
Цягам сесіі будзе зацверджаны план працы й стратэгічныя накірункі дзейнасці Рады БНР, у тым ліку кансэнсус па ўзаемнаадносінах з цяперашнімі палітычнымі структурамі. Асобным пунктам у праграме сесіі пазначаныя абранне старшыні Рады БНР. Паводле меркавання большасці сяброў Прэзідыуму, будзе прапанаваная кандыдатура Івонкі Сурвіллы.
У нашым эфіры пагутарылі з сакратаром Рады БНР Алесем Чайчыцам.
РР: Адным з пытанняў у раскладзе Рады БНР пазначанае абранне старшыні. І, відавочна, што застанецца Івонка Сурвілла. Бо большасць сяброў прэзідыуму за гэта выказалася.
Алесь Чайчыц: Пакуль яшчэ галасавання не адбылося. Але відавочна, што так, і зменаў кадравых на гэтай пасадзе не адбудзецца.
РР: Якія ключывыя моманты асабіста для вас у гэтай сесіі – яна цалкам дзяжурная ці ёсць нейкія праблемныя пытанні, якія трэба тэрмінова вырашыць?
Алесь Чайчыц: Праблемных пытанняў няма. Ёсць абмеркаванне стратэгіі Рады БНР у цяперашняй сітуацыі. З моманту апошняй сесіі, якая была ў 2019 годзе, адбылося шмат драматычных падзей, вельмі моцна змяніўся палітычны расклад у Беларусі, міжнародны палітычны расклад. І Рада БНР павінна падумаць, як сваю стратэгію адаптаваць да гэтых новых умоваў.
РР: У пункце праграмы ёсць падпункт наконт стратэгіі – гэта кансенсус па ўзаемаадносінах з цяперашнімі палітычнымі структурамі. Якія структуры маюцца на ўвазе?
Алесь Чайчыц: Гэта, канешне, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Рада БНР думае над тым, якімі павінны быць дачыненні і як Рада сябе мае паводзіць, якія чаканні яна павінна мець ад АПК. Акрамя гэтага, гэта і маладыя арганізацыі беларускай дыяспары, якія ўзніклі на хвалі падзеяў 2020 года. Рада БНР таксама павінна ўлічваць, што шмат новых людзей далучылася да беларускага руху.
РР: Сесія стартавала 8-га верасня – у Дзень беларускай вайсковай славы. Наколькі гэтае свята актуальнае, як яно рэзануе з цяперашнімі падзеямі?
Алесь Чайчыц: Гэта вельмі важнае свята для ўсіх беларусаў. Мы можам цалкам разглядаць яго як афіцыйнае, таму што яно важнае для беларускага грамадства. І асабліва для тых, хто ваюе на фронце ва Украіне. Першае, што Рада БНР зрабіла сёння, гэта прыняла заяву з віншаваннем беларусаў з гэтай датай. І таксама мы абвесцілі пра новае ўзнагароджанне беларускіх байцоў медалямі “За адвагу”.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя