Як беларусы Грузіі сустрэлі навіну пра забарону выдаваць пашпарты ў консульствах?
Паводле звестак МУС Грузіі, у гэтую краіну толькі ў 2022 годзе прыехала больш за 13 тысячаў беларусаў. З увядзеннем забароны на выдачу пашпартоў у беларускіх консульствах у беларускіх эмігрантаў у Грузіі ўзніклі вялікія праблемы. Справа ў тым, што ў гэтай краіне вельмі цяжка атрымаць міжнародную абарону.
Што збіраюцца цяпер рабіць беларусы Грузіі, разважае журналістка і жыхарка Батумі Марына Маўчанава-Бушынская ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Як сустрэлі ў Грузіі тое, што не будуць выдаваць пашпарты беларусам у консульствах?
Марына Маўчанава-Бушынская: Агулам настроі ў чатах былі крыху панічныя. Таму што, як вядома, Грузія не надта хоча выдаваць міжнародную абарону ці статус уцекача. Шмат хто пісаў, што значыць трэба ехаць у Еўропу. Людзей гэта вельмі моцна ўсхвалявала.
РР: Цяпер, каб атрымаць пашпарт, трэба ехаць у Беларусь. І калі ў Польшчы ці Літве можна атрымаць міжнародную абарону ці Польшча выдае, напрыклад, праязныя дакументы для беларусаў, то ў Грузіі атрымаць міжнародную абарону ці статус уцекача вельмі складана. І там не выдаюцца праязныя дакументы беларусам. Наколькі складана ці лёгка ў Грузіі было замяніць пашпарт?
Марына Маўчанава-Бушынская: Мы мянялі сыну пашпарт. І я вельмі рада, што мы паспелі. У нас атрымалася ўсё даволі проста, хоць і доўга. Таму што ў нас не самая тыповая сітуацыя была.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя